Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эльфінг. Баявая тэхніка дабра


«Свабода» пераклала сымптаматычны матэрыял амэрыканскай The Daily Beast , у якім канстатуецца бездапаможнасьць сусьветных навінных сайтаў перад полчышчамі троляў, якія штодня атакуюць форумы. У артыкуле, са спасылкай на вельмі аўтарытэтных дасьледчыкаў мэдыя, сьцьвярджаецца рэальнасьць, якую шэраг беларускіх сайтаў зразумеў ды зрабіў паўсядзённай практыкай некалькі год таму: у гэтай бойцы немагчыма перамагчы.

Вораг шматлікі, нявыхаваны, кіпцюрасты, зубаты ды сьмярдзючы, як натоўп оркаў у другой частцы фільму Lord of the Rings.

Трэба капітуляваць. Інакш затопчуць.

Трэба ўводзіць прэмадэрацыю ды ідэнтыфікацыю юзэраў, з прывязкай камэнтатараў ды «форумцаў» да акаўнтаў у Livejournal ці Facebook.

Фактычна размова ідзе аб чарговай капітуляцыі цывілізаванасьці перад барбарствам, розуму перад дзікасьцю, адукацыі ды добрых манэраў - перад гопніцкай тупой зласьлівасьцю. Добрыя ды выхаваныя людзі па ўсёй плянэце, тыя самыя, што бачылі ў Інтэрнэце ды ягонай ананімнасьці выйсьце са шматлікіх тупікоў, зьвязаных з таталітарнымі практыкамі абмежаваньня інфармацыі, вымушаныя самі зараз зьвяртацца да гэтых практык. Ідэнтыфікаваць ды цэнзураваць.

Бо абароны ад троляў няма. Як напісала мне добрая знаёмая, дасьледчыца з Лёндану: «тролям ніколі не адказвай. Інтэрнэт – статак дзікоў. Заўважаць – затопчуць».

«Супраць троляў абароны няма», «не частуйце троляў» - усе гэтыя словы з часам зрабіліся аксіёмамі і самыя разумныя людзі стаміліся шукаць абароны ад тролевых нападаў. Аднак, выглядае, адказ зьяўляецца. Павольна ды паступова. Цяпер аб ім ведаюць ды спрачаюцца пераважна прафэсіяналы. Нават вакол назвы кансэнсусу няма. Аднак практыка ўжо ёсьць. Болей за тое, я ведаю некалькі чалавек, якія пасьпяхова ўжываюць гэтую баявую рытарычную тэхніку ў паўсядзённым сеціўным жыцьці. Дык значыць, хутка вынайдуць й слова. Пакуль жа буду называць гэты фэномэн – адзінага адэкватнага адказу тролям, - эльфінгам.

Сам тэрмін мільгануў на Lurkmore, пасьля чаго артыкул быў выдалены – нібыта «за плягіят» ды «ідыёцкую назву». У ангельскай мове дакладнага аналяга пакуль не прысутнічае з тае прастой прычыны, што слова elfing на гарадзкім слэнгу мае два вельмі «нагружаных» значэньня.

Па-першае, elfing – гэта тое, што робяць з «выключанымі» з прытомнасьці па п'яні сябрамі больш цьвярозыя (размалёўка твару зубной пастай, напісаньне брудных словаў на ілбе нязмыўным маркерам і г. д.) «Эльфінгам» гэтая ганебная сацыяльная практыка называецца з-за таго «зубнога эльфа», што прылятае да малых дзетак ды падкідвае дробныя грошы за кожны пакінуты пад падушкай малочны зубок. «Дзеткі», як бачым, потым вырастаюць, навучаюцца піць піва зь віскі бяз закусі, і вось супольна, грамадзкай думкай, прапануецца лічыць, што зь імі вырастае і эльфік, дзеі якога робяцца больш дарослымі, ажно да пачырваненьня шчок.

Другое значэньне слова elfing на амэрыканскім city slang – тое, чым займаюцца каханыя на пляжу ўначы. Карацей, пры такім багацьці «не-канвэнцыйных» значэньняў, англамоўны аналяг беларускага «эльфінга» будзе шукацца яшчэ доўгі час.

Што ж такое эльфінг?

Гэта анты-тролінг. Гэта адмаўленьне брыдкіх законаў чалавечай натуры, якімі сілкуецца клясычны троль.

Як гэта працуе?

Прывядзем прыклад хрэстаматыйнага тролінгу. У трэцяй сэрыі 7-га сэзону майго любімага мульта Futurama ёсьць сюжэт пра тое, як у прэзыдэнты ЗША вылучаецца вельмі пазытыўны чэл, Крыс Заксар Травэрс, які кажа толькі праўду, прапагандуе дабро ды супрацьстаіць той канцэнтрацыі сусьветнага зла, ролю якой у мульт-сэрыяле традыцыйна іграе прэзыдэнт Ніксан. І вось, калі робіцца зразумела, што пазбавіцца ад Травэрса немагчыма, дарадца Ніксана рэкамэндуе таму прыём з арсэнала клясычнага тролінгу: абвесьціць канкурэнта... іншаплянэцянінам. Бо імя па-бацьку «Заксар» вельмі ж нехарактэрнае для Злучаных Штатаў.

Глупства, скажаце вы? Але менавіта ў тым і ёсьць цуд умелага тролінгу – прад'яўляць нешта настолькі дэбільнае, што нават спроба абвяржэньня толькі пашырыць падазрэньні. Дарэчы, аб тым, што такі тролінг эфэктыўны сьведчыць хаця б той факт, што Бараку Хусейну Абаму падчас прэзыдэнцкай кампаніі прад'яўлялі тое, што ён – ісламскі тэрарыст. Бо імя па бацьку – Хусейн! Як у Садама! І людзі «вяліся»!

Дык вось. У чым палягае звычайны адказ на такі тролінг? У марнай спробе абвергнуць, адмовіцца: «Не, я не іншаплянэцянін! Не, я не тэрарыст!» Але тут налятае статак дзікоў і топча, так што ад ахвяры застаецца мокрая пляміна.

Другі варыянт адказу, які прапануюць дарадцы па іміджу: не зьвяртаць увагі. Але як не зьвяртаць увагі? Абвінавачваньні надта ж дзікія! З такімі абвінавачваньнямі чалавеку прыстойнаму складана жыць.

Адсюль – жаданьне скласьці лапкі. Паставіць крыж на людзкасьці. Адсюль - цэнзура, ідэнтыфікацыя ды іншыя бездапаможныя таталітарызмы...

Дык вось, што робіць Крыс Заксар Травэрс у Futuramе? Ён кажа: так, вы мелі рацыю! Дзякуй за крытыку! Вашыя падазрэньні спраўдзіліся! Я сапраўды не адсюль! Але я - не іншаплянэцянін! Я прыйшоў з будучыні. Каб вас спасьці!

Я, карацей, Джон Конар, а Ніксан – Дарт Вэйдэр.

Зло пераможана дабром.

Ура.

Як працуе эльфінг у рэальных дэкарацыях агрэсіўнага беларускамоўнага Сеціва?

Вам закідваюць тое, што вы памыліліся ў фактах, ваш «крэатыў» – дрэнны, а самі вы – урод (гэта я перакладаю на цывілізаваную мову).

Вы – не, не спрачаецеся! Вы не абвінавачваеце ў адказ! Вы - пагаджаецеся. Са сьціплай усьмешкай ня ўпэўненага ў сабе нобэлеўскага ляўрэата, вы ўдакладняеце, дзе вы можаце прачытаць болей па тэме, дзякуеце за параду і шчыра жадаеце суразмоўцу ўсяго найлепшага. Шчырасьць добрых пачуцьцяў – прынцыповая рэч у дадзеным выпадку.

Памятайце: перамагчы зло можна толькі з дапамогай дабра. Узгадайце Йоду, Далай Ламу, Люка Скайуокера і Хрыста. Пранікніцеся сымпатыяй да таго, хто вас троліць. Адкажыце яму – з сымпатыяй і хрысьціянскай любоўю. Агарніце яго цяплом ды міласэрнасьцю. Удзельнікі дыскусіі зразумеюць, што вы – прыстойны, выхаваны ды добры чалавек. Ім стане крыўдна, што вас прыціскаюць.

Часьцей пішыце словы «дзякуй», «прабачце», «калі ласка». Іх сакрэт у тым, што яны найлепшая зброя супраць нахабства. Калі ветліваму чалавеку хамяць, гэта працуе з адваротным эфэктам. Паступова вы заўважыце, як гэтая баявая тактыка зьмяняе саму вашу сутнасьць, але не пужайцеся: вы зробіцеся мацнейшым.

Будзьце коцікам.

Коцікаў ніхто ня крыўдзіць. Калі недзе крыўдзяць коцікаў, абавязкова наляціць статак дзікоў.

Амэн.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG