Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральнікі застануцца ў Сырыі яшчэ 30 дзён


Рада Бясьпекі ААН адзінагалосна падтрымала сёньня падаўжэньне на 30 дзён тэрміну знаходжаньня ў Сырыі місіі міжнародных назіральнікаў, папярэдні мандат якіх завяршыўся сёньня.

Група з 400 вайсковых і цывільных экспэртаў была накіраваная ў Сырыю ў адпаведнасьці з плянам пасланца ААН і Лігі арабскіх дзяржаў Кофі Анана. Чальцы маніторынгавай групы павінны былі сачыць за выкананьнем рэжыму спыненьня агню, які набыў моц 12 красавіка, абодвума бакамі сырыйскага канфлікту. Пасьля назіральнікам прыйшлося прыпыніць сваю працу у бальшыні раёнаў краіны – з-за немагчымасьці гарантаваць бясьпеку чальцоў місіі.

Ад раненьняў, атрыманых у сераду пры выбуху каля будынку спэцслужбаў у Дамаску, сёньня памёр кіраўнік Управы нацыянальнай бясьпекі краіны, генэрал Хішам Іхтыяр. Ён стаў чацьвёртым высокапастаўленым чыноўнікам, які загінуў у выніку гэтага нападу.

У сырыйскай сталіцы зь нядзелі працягваюцца баі паміж урадавымі войскамі і атрадамі ўзброенай апазыцыі.

Паводле ацэнак ведамства ААН у справах вымушаных перасяленцаў, за апошнія двое сутак з Сырыі ў суседні Ліван уцяклі каля 30 тысяч чалавек.
XS
SM
MD
LG