Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Унікальны кантрабандны тунэль выяўлены паміж Славаччынай і Ўкраінай


Славацкая паліцыя выявіла на мяжы з Украінай тунэль даўжынёй амаль 700 мэтраў. Паліцыя мяркуе, што на працягу году тунэль выкарыстоўвалі кантрабандысты для перавозкі неабкладзеных падаткам тавараў, галоўным чынам цыгарэт.

Верагоднага арганізатара кантрабандных перавозак і кіроўцу грузавіка з цыгарэтамі ўдалося арыштаваць.

Славацка-ўкраінская мяжа, якая зьяўляецца зьнешняй мяжой Эўрапейскага Зьвязу і Шэнгенскай прасторы, ахоўваецца вельмі строга.

«Тунэль быў пабудаваны паводле найноўшых прафэсійных тэхналёгіяў», — паведаміў журналістам у чацвер начальнік славацкай паліцыі Тыбар Гаспар.

Паводле яго, 480 мэтраў тунэлю ляжаць на славацкім баку і сканчаюцца ў прамысловым раёне паміж сёламі Vyšné і Nižné Nemecké.

Тунэль збудаваны на глыбіні шасьці мэтраў, дыямэтрам адзін метр — гэта, як лічыць паліцыя, дастатковыя параметры для нескладанага перамяшчэньня тавараў.

Славацкія паліцыянты кажуць, што кантрабандысты выкарыстоўвалі тунэль з дапамогай найноўшай тэхнікі: спачатку «тавар» з Украіны прыбываў маленькім цягніком, а на славацкім баку яго перакладалі ў грузавік, у якім было досыць месца для перавозкі 15000 блёкаў цыгарэт.

Міністр унутраных спраў Славаччыны Робэрт Каліняк дадаў, што такі тунэль зьяўляецца «ўнікальным выпадкам у нашых шыротах». Ён ня выключыў, што ў дадатак да кантрабанды тавараў тунэль маглі выкарыстоўваць і для нелегальнай міграцыі.

Славацкая паліцыя паведаміла, што сачыла за кантрабандыстамі на працягу некалькіх тыдняў. Падчас затрыманьня грузавіка было канфіскавана 13000 скрынак тытунёвых вырабаў.

Міністар фінансаў Пэтэр Казімір мяркуе, што кантрабандысты маглі нанесьці шкоду дзяржаве на 50 мільёнаў эўра толькі за прыбыткі без неападаткаваныя цыгарэты.

Тунэль пад славацка-ўкраінскай мяжой параўноўваюць з аналягічнымі — паміж Злучанымі Штатамі і Мэксыкай, якія выкарыстоўваюцца для кантрабанды наркотыкаў у ЗША.

Раней славацкая паліцыя выяўляла кантрабандныя цыгарэты ў асноўным у
схованках аўтамабіляў, у грузавых вагонах з жалезнай рудой ці ў плястыкавых бочках ў рацэ Вуж, якая працякае праз Украіну.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG