Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У мусульманаў пачаўся сьвяты месяц Рамадан


У Беларусі жывуць каля 120 тысяч мусульманаў, яны прадстаўляюць 32 этнасы. Пра гэта паведаміў у інтэрвію Радыё Свабода старшыня Мусульманскага рэлігійнага аб’яднаньня ў Рэспубліцы Беларусь муфтый Абу-Бекір Шабановіч:

«Сёньня пятніца, і будзе калектыўная малітва, як заўсёды. А ўвечары, пасьля заходу сонца — малітва таксама, ужо малітва рамаданаўская, начная»

Карэспандэнтка: «А дзе гэта будзе праводзіцца?»

«У часовым памяшканьні нашай мячэці. Гэта на вуліцы Ігнаценкі, 11 у Менску».

Карэспандэнтка: «Новая мячэць будуецца ўжо столькі гадоў. У чым праблема?»

Будаўніцтва мячэці ў Менску.

Будаўніцтва мячэці ў Менску.

«Ну, праблема адна. Яна ўзьнікла яшчэ на пачатку будаўніцтва, на жаль, і да сёньняшняга часу яна цягнецца — гэта грошы, фінансаваньне. Фінансаваньне патрэбна вялікае, таму што маштабы нашай будоўлі вельмі вялікія. І за сродкі нашых вернікаў мы ня можам дабудаваць мячэць, таму чакаем дапамогі. Абяцаньні дапамагчы ёсьць, а дапамогі, як правіла, няма. Таму і цягнецца...»

Год таму прэсавы сакратар апарату ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Міхаіл Рыбакоў выказаў карэспандэнту БЕЛТА меркаваньне, што будаўніцтва мячэці ў Менску адкладаецца з прычыны неапраўданага размаху праекту. Паводле словаў чыноўніка, сталічная мячэць была задуманая з размахам больш маштабным, чым рэальныя магчымасьці і патрэбы мусульманаў, якія пражываюць у Менску. Як вынік — будаўніцтва саборнай мячэці на вуліцы Грыбаедава ў Менску доўгі час ня можа завяршыцца.

Сёньня на тэрыторыі Беларусі — 11 мячэцяў разам з малітоўнымі дамамі.
XS
SM
MD
LG