Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Суд абараніў Мінабароны і Мін’юст ад Стэфановіча і Бандарэнкі


Андрэй Бандарэнка, Гары Паганяйла, Валянцін Стэфановіч ля суду Цэнтральнага раёну.

Андрэй Бандарэнка, Гары Паганяйла, Валянцін Стэфановіч ля суду Цэнтральнага раёну.

Судзьдзя Цэнтральнага раёну Менску Алена Сямак адмовіла ў задавальненьні пазову намесьніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянціна Стэфановіча і кіраўніка інфармацыйна-асьветніцкай установы «Плятформа» Андрэя Бандарэнкі да Міністэрства абароны і Міністэрства ўнутраных спраў.

Яны патрабавалі прызнаць неправамернымі дзеяньні дзяржаўных ведамстваў, у выніку якіх праваабаронцы былі ўключаныя ў сьпіс грамадзян, якім забаронены выезд за межы краіны. Падставай для ўключэньня спадароў Стэфановіча і Бандарэнкі ў сьпіс невыязных сталася, нібыта, ухіленьне ад вайсковага прызыву.

Падчас судовага разгляду прадстаўнік Міністэрства абароны паведаміў, што ніякіх прэтэнзіяў да спадароў Стэфановіча і Бандарэнкі ягонае ведамства ня мае, а прадстаўнік МУС заявіў, што прычынай іх уключэньня ў сьпіс невыязных стаўся нібыта тэхнічны збой кампутарнай праграмы. Акрамя таго, ён уручыў пазоўнікам пісьмовае пацьверджаньне, што імёны праваабаронцаў зь пераліку невыязных выключаныя. У выніку судзьдзя Алена Сямак пакінула пазоў Валянціна Стэфановіча і Андрэя Бандарэнкі без задавальненьня.

Гэтая ж судзьдзя сёньня працягвала разгляд пазову старшыні БХК Алега Гулака да Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства юстыцыі. Праваабаронцу паведамілі, што ён быў уключаны ў сьпіс невыязных з ініцыятывы Мін’юсту, бо мае нібыта судовыя запазычанасьці. Аднак падчас судовага працэсу прадстаўнік Міністэрства юстыцыі адмаўляў, што такая ініцыятыва паходзіла ад Мін’юсту, а прадстаўнік МУС таксама спасылаўся на памылкі ў працы кампутарнай праграмы. У сваю чаргу, Алег Гулак удакладніў свае патрабаваньні, выкладзеныя ў пазове, і папрасіў суд прызнаць дзеяньні зацікаўленых міністэрстваў неправамернымі. У выніку судзьдзя Алена Сямак перанесла разгляд справы на 31 ліпеня на 15:30.

Валянцін Стэфановіч і Андрэй Бандарэнка заяўляюць, што ня маюць пэўнасьці, ці дасьць ім выдадзеная даведка пра выключэньне са сьпісу невыязных магчымасьць свабодна выяжджаць за межы краіны. Гэтаксама як і Алег Гулак, яны лічаць сваю забарону на выезд адмыслова сплянаванай, незаконнай і палітычна матываванай.


19 ліпеня дырэктара інфармацыйна-асьветніцкай установы «Плятформа» Андрэя Бандарэнку, скарга якога таксама павінна была разглядацца ў судзе сёньня, даставілі ў КДБ. Яго азнаёмілі з пастановай пра пастаноўку на прафіляктычны ўлік у КДБ. Гэта зьяўляецца падставай для часовага абмежаваньня выезду за межы краіны.
XS
SM
MD
LG