Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яраслаў Берніковіч супраць Вадзіма Дзевятоўскага


Яраслаў Берніковіч

Яраслаў Берніковіч

Ініцыятыўныя групы па зборы подпісаў за вылучэньне кандыдатамі ў дэпутаты глыбоцкага апазыцыянэра, актывіста кампаніі «Гавары праўду», старшыні раённай суполкі Партыі БНФ Яраслава Берніковіча і знанага спартоўца, кідальніка молата, удзельніка Алімпійскіх гульняў Вадзіма Дзевятоўскага зарэгістравала сёння камісія Наваполацкай выбарчай акругі № 25.

Яраслаў Берніковіч ужо ня першы раз бярэ ўдзел у выбарчых кампаніях рознага ўзроўню: ён вылучаўся кандыдатам у дэпутаты мясцовых саветаў, балятаваўся ў парлямэнт, быў кіраўніком мясцовых выбарчых штабоў Сямёна Домаша, Аляксандра Мілінкевіча і Ўладзіміра Някляева падчас прэзыдэнцкіх выбарчых кампаній.

Вадзім Дзевятоўскі

Вадзім Дзевятоўскі

Кідальнік молату Вадзім Дзевятоўскі — ураджэнец Наваполацку, неаднаразовы ўдзельнік Алімпійскіх гульняў. На летніх Алімпійскіх гульнях у Пэкіне ён заняў другое месца, аднак у сьнежні таго ж году срэбны мэдаль у яго забралі і пажыцьцёва дыскваліфікавалі праз скандал з допінгам. Два гады спартовец даводзіў сваю невінаватасьць, і ўрэшце яму ўдалося вярнуць алімпійскі мэдаль.

Вадзім Дзевятоўскі быў запісаны рэзэрвістам на Алімпіяду ў Лондане, але адмовіўся ад удзелу, спаслаўшыся на траўму сьпіны. 3 жніўня, калі на Алімпіядзе пачнуцца выступы кідальнікаў молату, спартовец будзе змагацца ўжо за месца ў Парлямэнце.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG