Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Расея наклала вэта на рэзалюцыю па Сырыі


Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў

Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў

Расея наклала вэта на праект рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН па Сырыі, які заклікае да міжнародных санкцый супраць рэжыму Башара Асада, перадае Інтэрфакс.

У ходзе пасяджэньня Рады Бясьпекі за гэтую рэзалюцыю выказаліся 11 чальцоў, супраць – двое (РФ і КНР), яшчэ двое ўстрымаліся.

Праект рэзалюцыі па Сырыі, які адкрываў дарогу да санкцыяў, быў унесены Францыяй, Нямеччынай, Партугаліяй, Вялікабрытаніяй і ЗША.

Заблякаваная рэзалюцыя падаўжала мандат назіральнікаў ААН, які заканчваецца ў пятніцу, на 45 дзён. Ня выключана, што цяпер ім давядзецца пакінуць краіну.

Міністар замежных спраў Брытаніі Ўільям Хейг назваў пазыцыю Расеі і Кітаю «недаравальнай».

«Калі дайшло да таго, каб на практыцы ўвасобіць падтрыманыя імі пагадненьні, яны адышлі ў бок. Яны павярнуліся сьпінай да народу Сырыі ў самы цяжкі для яго час», – заявіў кіраўнік Форын-офісу журналістам у Лёндане.

Ён дадаў, што імідж Расеі і Кітаю сярод краін Блізкага Ўсходу моцна пацярпіць з-за гэтага рашэньня.

Тым часам, як перадае Бі-бі-сі, сілы паўстанцаў атакавалі галоўную ўправу паліцыі ў Дамаску, пра што паведамляюць відавочцы.

«Апошнюю гадзіну былі чутныя пастаянныя аўтаматныя чэргі. Цяпер яны сьціхаюць, але вуліцы вакол па-ранейшаму бязьлюдныя», – паведаміў агенцтву Рэйтэр адзін з жыхароў раёну, дзе знаходзіцца ўправа паліцыі.

Амбасадарка ЗША пры ААН Сьюзан Райс назвала вета, накладзенае Расеяй і Кітаем на рэзалюцыю «яшчэ больш небясьпечным і вартым шкадаваньня, чым папярэднія два».

Прэзыдэнт Сырыі Башар Асад першы раз за апошнія два дні зьявіўся на экранах дзяржаўнага тэлебачаньня, перадае агенцтва France-Presse.

Як вынікала з камэнтара вядучага, кіраўнік дзяржавы прымаў прысягу ў новага міністра абароны краіны Фахада Джасіма аль-Фрэйджа. Цырымонія была сьціплай і прайшла за некалькі хвілін.

Мяркуючы з інтэр'ераў памяшканьня, у якім праходзіла цырымонія, Асад сапраўды знаходзіцца ў сваім палацы ў Дамаску, а не ў Латакіі, як паведамлялі лідэры паўстанцаў.

Спэкуляцыі адносна стану здароўя і месца знаходжаньня прэзыдэнта пачаліся яшчэ 18 ліпеня, калі ў выніку выбуху былі забітыя чатыры яго блізкія паплечнікі, якія адказвалі за здушэньне паўстаньня. У ліку іншых быў забіты і папярэдні міністар абароны Дауд Раджыха, на зьмену якому і прыйшоў Фрэйдж.

Раней чуткі пра ад'езд са сталіцы Асада і яго сям'і абверг пасол Сырыі ў Расеі Рыяд Хадад. Ён, у прыватнасьці, заявіў, што няма ніякіх падстаў казаць пра тое, што жонка прэзыдэнта – Асма Асад – знаходзіцца ў Маскве.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG