Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пэр Кромвэл: Пра гарантыі будзем размаўляць пасьля запрашэньня ад Лукашэнкі


Арганізатар мядзьведжага дэсанту Пэр Кромвэл

Арганізатар мядзьведжага дэсанту Пэр Кромвэл

Швэдзкі грамадзянін Пэр Кромвэл зьвярнуўся з адкрытым лістом да кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Падставай стала затрыманьне ў Беларусі двух грамадзян краіны, якія, паводле аўтара звароту, ніяк не датычныя да пралёту швэдзкага самалёта.

Швэд Кромвэл, датычны да арганізацыі палёту над Беларусьсю лёгкаматорнага самалёта 4 ліпеня, выказаў кіраўніку краіны Аляксандру Лукашэнку прапанову, што ён яшчэ раз наведае Беларусь і распавядзе, як удалося абхітрыць супрацьпаветраную абарону краіны. «Такі паўторны прыезд быў бы выратавальнай апэрацыяй адносна Антона Сурапіна ды іншых вашых грамадзян, якія ні ў чым не вінаватыя», – заявіў Кромвэл у інтэрвію Радыё Свабода:

«Мы спадзяемся, што ён адкажа на зварот, запросіць нас, і мы распавядзем дэталі. Хоць я разумею, што гэта будзе рызыкоўнае мерапрыемства для нас – прыехаць зноў».

Паводле Кромвэла, пакуль ён ня мае адказу афіцыйных прадстаўнікоў Беларусі на свой зварот. Кромвэл сказаў, што паедзе ў Беларусь пад пэўныя гарантыі. А якія менавіта? – запытаў я ў суразмоўцы:

Кромвэл: «Я ня ведаю. Калі мы атрымаем запрашэньне, мы будзем весьці размову з Лукашэнкам, што ён зможа нам прапанаваць, і будзем вырашаць. У любым разе гэта лепш, калі мы прыедзем у Беларусь і будзем распавядаць, чым калі там будуць хапаць невінаватых людзей».

Пра журналіста Антона Сурапіна Пэр Кромвэл паўтарыў, што даведаўся пра яго толькі пасьля зьвестак пра затрыманьне хлопца КДБ. Антона Сурапіна затрымалі 13 ліпеня і дагэтуль правяраюць паводле падазрэньняў у дапамозе групе асобаў у незаконным перасячэньні мяжы. Што да затрыманага КДБ рыэлтара Сяргея Башарымава, Кромвэл пра яго згадаў наступнае:

«Мы арандавалі кватэру праз агенцтва, і, наколькі я ведаю, ён быў тым чалавекам, празь якога мы кантактавалі. Мы коратка сустракаліся зь ім, калі былі ў Менску ў траўні. Але падчас апошняга знаходжаньня ў Менску мы ягонымі паслугамі не карысталіся».

Пэр Кромвэл мяркуе, што самім затрыманьнем Сурапіна і Башарымава ўлады прызналі, што палёт швэдзкага самалёта ўсё ж быў:

«Зараз у іх дзьве вэрсіі. Тым, што людзі арыштаваныя, паліцыя прызнае, што мяжа была перасечаная незаконна. Другой вэрсіі прытрымліваюцца вайскоўцы, якія кажуць, што мяжу не перасякалі».

У КДБ затрыманьне Антона Сурапіна, Сяргея Башарымава і ўвогуле справу «мядзьведзікаў» не камэнтуюць. Паводле журналістаў «Эўрарадыё», Сяргей Башарымаў быў затрыманы 7 ліпеня і дагэтуль ня вызвалены. Маці рыэлтара, якая пацьвердзіла затрыманьне, больш на кантакт з журналістамі не ідзе.

Маці Антона Сурапіна Алена 19 ліпеня паведаміла Свабодзе:

«Не тэлефануе больш сьледчы, ніхто. Нічога новага невядома. Што ведала на пачатку тыдня, тое і засталося».

Алене так і не ўдалося перадаць сыну перадачу, і калі гэтага ня зробіць сёньня адвакат, жанчыне давядзецца адмыслова прыехаць у пятніцу, 20 ліпеня, у Менск са Слуцку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG