Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галадоўніку-сухотніку пагражаюць «псыхушкай»


Башушэўскі шпіталь, архіўнае фота.

Башушэўскі шпіталь, архіўнае фота.

Новыя зьвесткі з Багушэўскага абласнога шпіталя для хворых на сухоты атрымала каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацяна Севярынец.

Яна апавяла, што ўжо трэці дзень галадуе пацыент шпіталя Мікалай Такаровіч, які такім чынам выказвае нязгоду з тамтэйшымі мэтадамі лекаваньня:

«Пра гэта мне паведаміў праз тэлефон наш прыхільнік Валеры Ганчарэнка. Ён таксама пацыент багушэўскага шпіталя, хранічна хворы на сухоты. Як і большасьць тамтэйшых пацыентаў, ён мусіць праводзіць у шпіталі шмат часу, і такія хворыя трапляюць у вялікую залежнасьць ад адміністрацыі, асабліва калі ў іх няма родных, каб за іх заступіліся. Спадар Ганчарэнка кажа, што ўчора яго выклікала галоўурач Натальля Лясная, заявіўшы, што гэта ён падбухторшчык галадоўкі пратэсту. І прыгразіла, што абодвух перавядзе ў мясцовае псыхіятрычнае аддзяленьне, калі яны не перастануць перадаваць зьвесткі са шпіталя ў незалежныя СМІ».

Некалькі дзён таму ліст хворага на сухоты Мікалая Такаровіча быў разьмешчаны на сайце БХД. У ім гаварылася, што харчаваньне ў Багушэўскім шпіталі дрэннае, а мэтады лекаваньня і прэпараты — састарэлыя.

Напрыканцы мінулага году пра тое самае незалежным журналістам казаў і Валеры Ганчарэнка, які таксама тады абвясьціў галадоўку пратэсту. Пасьля гэтага Ганчарэнку насамрэч перавялі ў псыхіятрычнае аддзяленьне, дзе трымалі некалькі месяцаў. Афіцыйнай прычынай пераводу было названа псыхічнае захворваньне. У іншых пацыентаў у той самы час пазабіралі мабільныя тэлефоны, пазбавіўшы мажлівасьці выходзіць у інтэрнэт, і нават алоўкі ды паперу.
XS
SM
MD
LG