Лінкі ўнівэрсальнага доступу

19 ліпеня — апошні дзень падачы ў акруговыя камісіі сьпісаў ініцыятыўных груп выбарцаў, якія маюць зьбіраць подпісы за кандыдатаў у дэпутаты Нацыянальнага сходу. Далей цягам пяці дзён ад моманту падачы заяваў аб рэгістрацыі выбаркамы маюць выдаць сябрам ініцыятыўных групаў пасьведчаньні й падпісныя лісты.

Паводле заканадаўства вылучэньне кандыдата шляхам збору подпісаў ажыцьцяўляецца ініцыятыўнай групай кандыдата ў колькасьці ня менш як 10 чалавек. Неабходна сабраць ня менш за тысячу подпісаў у падтрымку кандыдата ад выбарцаў, якія пражываюць на тэрыторыі выбарчай акругі.

Барысаў

«Cправа ў тым, што калі здымацца, то трэба вяртаць пэўныя грошы, якія выдаткоўваюцца на правядзеньне гэтай кампаніі».

У акруговую камісію Барысаўскай гарадзкой выбарчай акругі дакумэнты на рэгістрацыю падала ініцыятыўная група рэдактара незалежнай газэты «Барысаўскія навіны» Анатоля Букаса. У інтэрвію «Свабодзе» ён паведаміў:

«Пачатак падачы гэтых сьпісаў быў 15 ліпеня, апошні дзень — 19 ліпеня. І здарылася так, што жонка аднаго зь сябраў нашай ініцыятыўнай групы заявіла, што яна не жадае ўдзельнічаць у зборы подпісаў. Таму я перарабіў сьпіс і падаў новы. Было 13 чалавек, засталося — 12. Я ніколі вялікую групу не фармаваў. Прынцыпова. Я ад 1995 году ўдзельнічаю ў выбарчай кампаніі. Я ведаю, як пройдуць і гэтыя выбары, таму не прадбачу аніякіх звышзадач. Проста мне на гэты час трэба сустрэцца з працоўнымі калектывамі прадпрыемстваў, расказаць людзям, што на сёньня адбываецца ў Беларусі».

Карэспандэнт: «А якія пляны на далейшую пэрспэктыву? Ці будзеце здымацца з выбараў?»

«Не, я пайду да канца. І справа ў тым, што калі здымацца, то трэба вяртаць пэўныя грошы, якія выдаткоўваюцца на правядзеньне гэтай кампаніі. Так рабіць, на мой погляд, неразумна. Лепш я выкарыстаю гэтыя грошы на што карыснае. Я, да прыкладу, заўжды рабіў агітацыйныя ўлёткі і дапамагаў гэта рабіць іншым вылучэнцам у кандыдаты».

Віцебск

«Зарэгістраваць можна і тысячу чалавек, але працаваць будуць толькі трое».

На Віцебшчыне кіраўнік гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Аляксандар Кузьняцоў вырашыў балятавацца па Віцебскай-Горкаўскай акрузе № 17. А дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы для збору подпісаў за сваё вылучэньне вырашыў несьці ў камісію ў самы апошні дзень.

Кузьняцоў: «Баяўся, каб не палохалі загадзя людзей з маёй ініцыятыўнай групы. Бо ўжо пачаўся ціск на кандыдатаў, таму давялося на невялікую хітрасьць пайсьці — падаваць дакумэнты ў апошні дзень».

У ініцыятыўнай групе Аляксандра Кузьняцова — 12 чалавек. Ён лічыць, што гэтага цалкам дастаткова, каб сабраць неабходную тысячу подпісаў за сваё вылучэньне:

«Зарэгістраваць можна і тысячу чалавек, але працаваць будуць толькі трое. У мяне 12 чалавек, але гэта „байцы“, надзейныя сябры».

Гарадок

«Я хачу данесьці да людзей адну рэч: што ўлада — антыбеларуская».

Старшыня Гарадоцкай раённай арганізацыі партыі БНФ Леанід Аўтухоў падаў дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы ўчора, 18 ліпеня:

«У 21-ю выбарчую акругу, Віцебскую сельскую. Гэта Гарадоцкі, Шумілінскі і Віцебскі раёны. У мяне няма вялікіх спадзеваў, што я перамагу. Але я хачу данесьці да людзей адну рэч: што ўлада — антыбеларуская. І што калі мы зь ёй „разьбяромся“, то гэта будзе лепш для Беларусі. Я буду казаць пра гэта на ўсіх сустрэчах і пікетах! У нас цяпер 95% насельніцтва замбіраваныя, і то людзі штось пачынаюць разумець. А вось сказаць — яшчэ баяцца!»

Спадар Аўтухоў нагадвае, што ў акруговую камісію адмовіліся ўключыць прадстаўніка Партыі БНФ. Ён лічыць, што камісія ўвогуле фармавалася з парушэньнямі. Але актывіст пэўны, што ягоную ініцыятыўную групу зарэгіструюць:

«100 адсоткаў зарэгіструюць, бо падалі дакумэнты двое: дырэктар ліцэю лужасьнянскага і я. Яшчэ група Статкевіча, але ў журнале напісана — „прыняць паперы з МУС“. Значыць, у камісію прыйдуць паперы, што ён за кратамі. І тут ужо нічога не аспрэчыш!»

Прыхільнікі й аднадумцы Мікалая Статкевіча падалі дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў ва ўсе 14 выбарчых камісій Віцебшчыны.

Зьняволеныя, паводле беларускага выбарчага заканадаўства, ня маюць права балятавацца на выбарах. Тым ня менш прыхільнікі і аднадумцы Мікалая Статкевіча падалі дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўных груп ва ўсе 14 выбарчых камісій Віцебшчыны. Іхная мэта — прыцягнуць увагу да наяўнасьці ў Беларусі палітвязьняў. У рэгістрацыі гэтым ініцыятыўным групам адмаўляюць.

Горадня


На Гарадзеншчыне больш за ўсё дакумэнтаў на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў падалі ад Партыі БНФ — 10. Ад партыі «Справядлівы сьвет» — 6. Ад руху «Гавары праўду» — толькі адна ініцыятыўная група.

Кіраўнік Гарадзенскай гарадзкой арганізацыі БНФ Вадзім Саранчукоў кажа, што яшчэ сёньня, у апошні дзень, ягоныя калегі падаюць дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў у Лідзе і Наваградку.

Ужо падалі дакумэнты, зь яго слоў, але яшчэ не атрымалі пасьведчаньні чатыры ініцыятыўныя групы ў Горадні і чатыры ад Слонімскай партыйнай арганізацыі.

Слонім

Адмянілі забарону на збор подпісаў у цэнтры гораду.

Сябра БНФ са Слоніма Іван Шэга кажа, што апошнімі днямі іх зьдзівіла рашэньне райвыканкаму, які адмяніў забарону на правядзеньне пікетаў па зборы подпісаў у цэнтры гораду.

Вядома, са слоў Шэгі, засталося правіла наконт забароны праводзіць пікеты бліжэй як за 50 мэтраў ад адміністрацыйных будынкаў і на прыпынках. Але згодна з новым рашэньнем усё ж хоць недзе ў цэнтры можна будзе ладзіць пікеты.

Шэга: «Я думаю, што паправілі, напэўна, іх. Бо тады разышлася інфармацыя ў інтэрнэце, і, магчыма, іх паправілі зьверху. Гэта мая такая думка».

Сябра партыі «Справядлівы сьвет» Павал Станеўскі адзначае, што на дадзеным этапе кампаніі пакуль асаблівых праблемаў не ўзьнікала. Ад іхнай партыі ў вобласьці рэгіструюць 6 ініцыятыўных групаў. 4 зь іх — у Горадні, і па адной — у Лідзе і Слоніме.

А вось ад грамадзкага руху «Гавары праўду» ва ўсёй вобласьці вылучаецца толькі адзін прэтэндэнт у кандыдаты — Зьміцер Бандарчук. Такую невысокую актыўнасьць у выбарчай кампаніі Бандарчук тлумачыць наступным чынам:

«Бо вось такая сытуацыя — ніхто болей не захацеў, у людзей ёсьць пэўнае расчараваньне — агульнабеларускія прычыны. Магчыма, у нейкай ступені гэта было і маё рашэньне, каб нікога не цягнуць за вушы, бо колькасьць — не заўсёды гэта якасьць».

Тым часам назіральнікі ад БХК адзначаюць, што ўжо на пачатку выбарчай кампаніі існуе шмат непразрыстых рэчаў. Праваабаронца Раман Юргель асабліва вылучае тое, што першыя паседжаньні выбарчых камісіяў, на якіх абіралі старшыняў, прайшлі ў закрытым рэжыме. Дагэтуль не ўва ўсіх камісіях можна атрымаць неабходную інфармацыю.

Вялікая Бераставіца

Праваабаронца Алег Рамашкевіч напісаў скаргу ў ЦВК
Праваабаронца Алег Рамашкевіч зь Вялікай Бераставіцы адзначае, што ў выбарчым працэсе практычна нічога не зьмянілася. Яму як наглядальніку зусім адмаўляюць у якой-кольвек інфармацыі:

«Пытаюся: калі наступнае паседжаньне камісіі? — Ня скажам, глядзіце ў інтэрнэце. Скажыце, якая была тэма паседжаньня, што на ім вырашылі? Адказ той самы. І так мне на ўсе пытаньні адказвае сакратар камісіі».

Алег Рамашкевіч кажа, што напісаў скаргу ў ЦВК.

Вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў працягнецца да 13 жніўня ўключна. Рэгістрацыя прэтэндэнтаў на месца ў парлямэнце пройдзе з 14 па 23 жніўня ўключна. Пасьля стартуе агітацыйная кампанія. Асноўны дзень выбараў — 23 верасьня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG