Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні адзначаюць 100-годзьдзе Аляксея Анішчыка

  • Тацяна Поклад

Алена і Аляксей Анішчыкі на наступны дзень пасьля шлюбу

Алена і Аляксей Анішчыкі на наступны дзень пасьля шлюбу

19 ліпеня спаўняецца 100 гадоў ад нараджэньня беларускага пісьменьніка і дзеяча Аляксея Анішчыка (творчы псэўданім Андрэй Чэмер), які пасьля вызваленьня з ГУЛАГу жыў і працаваў у Вільні. Яго ня стала 5 гадоў таму, і амаль да апошняга дня жыцьця Аляксей Анішчык імкнуўся браць удзел у беларускім грамадзкім жыцьці. У Вільні будзе вечар памяці юбіляра і літургія за спачын душы ў віленскай царкве Сьв. Эўфрасіні.

Выпускнік Наваградзкай беларускай гімназіі і Пазнанскага ўнівэрсытэту, Аляксей Анішчык актыўна займаўся беларускай выкладчыцкай і журналісцкай дзейнасьцю ў Заходняй Беларусі у 1940-х гадох, браў удзел у ІІ Усебеларускім кангрэсе ў Менску ў 1944 годзе. Савецкія спэцслужбы арыштавалі яго ў Польшчы у 1948-м і фактычна за беларускую дзейнасьць у гады Другой усясьветнай вайны ён быў засуджаны да расстрэлу. Сьмяротны прысуд пазьней зьмянілі на 25 гадоў ГУЛАГу, вызвалілі ў 1962 годзе.

Прыгадвае ягоная удава, якой у лістападзе сёлета будзе 92 гады, Алена Ксавераўна Анішчык:

«Цяжкае было жыцьцё ў яго, 15 гадоў лягераў, 1 год – нямецкага, 14 – савецкіх… Па вызваленьні ён спачатку працаваў у Воранаве, тады ў Эйшышках, пасьля ў Шырвінце. Нас пазнаёміў Янка Тулейка, мы пабраліся шлюбам 24 лютага 1973 году і 34 гады жылі, ну напраўдзе, у поўнай згодзе, вельмі шчасьліва, заўсёды я адчувала ягоны клопат і ўвагу, ведаеце, ва ўсім, у кожнай дробязі».

Далей ужо Аляксей Анішчык жыў у Вільні, тут працаваў і пісаў вершы і ўспаміны, якія пачалі выдавацца толькі пасьля аднаўленьня незалежнасьці Літвы, быў актыўным у беларускім грамадзкім жыцьці, ачольваў Віленскае беларускае таварыства палітвязьняў і ссыльных. Цяперашні старшыня Таварыства Валянцін Стэх прыгадвае:

«Так сталася, цяпер, магчыма, у гэта цяжка паверыць, але дзень у дзень, менавіта роўна за год да сваёй сьмерці, 31 сакавіка 2006 году, Аляксей Сьцяпанавіч перадаў мне справы Таварыства, а памёр роўна праз год, 31 сакавіка 2007-га.

І да тае пары, пакуль ён мог хадзіць, пакуль мог выходзіць з дому, ён сапраўды стараўся не прапусьціць ніводнага нашага мерапрыемства. Ён запомніўся як чалавек інтэлігентны, які меў веды і меў, што сказаць. На кожным мерапрыемстве ён нешта дадаваў ад сябе, нешта казаў, і часта ён казаў даволі трапна, гэта трэба прызнаць».

Валянцін Стэх запрасіў далучацца да імпрэзаў у памяць юбіляра, што будуць у Вільні ў суботу 21 ліпеня – ад 10-ай гадзіны літургія за спачын душы ў віленскай праваслаўнай царкве Сьв. Эўфрасіні і кветкі да помніка на Сьвята-Эўфрасінеўскіх могілках, пасьля, у 12 гадзінаў у Доме нацыянальных згуртаваньняў (вул. Раўгіклас, 25) – імпрэза ў памяць Аляксея Анішчыка:

«Будзе ў ягоную памяць граць скрыпка і акардэон – гэта інструмэнты, на якіх ён сам добра граў. Будзе выстава ўсіх ягоных кніг, выстава, прысьвечаная Алексею Анішчыку, які быў адораны рознымі талентамі і здольнасьцямі, ён шмат што ўмеў. Ён маляваў, пакінуў пасьля сябе карціны, ён фатаграфаваў, вось, як ужо казалася, граў на скрыпцы і акардэоне, і пісаў вершы».

Самы першы верш, які я пачула ад спадара Аляксея, калі ўпершыню была ў ягоным гасьцінным доме, быў санэт, прысьвечаны жонцы Алене Ксавэраўне. «А я на яго, бывала, і бурчэла, што ён заўсёды мяне перад усімі на першае месца выстаўляў», – сказала на гэта спадарыня Алена. Сёньня, у дзень, калі яе мужу споўнілася 100 год, яна кажа:

«Мая мама памерла, калі мне было 2 гады, тата другі раз ажаніўся, як мне было 6 год. Так што я мамы ня мела, ня мела ласкі ў дзяцінстве, і толькі зь ім разам я мела ўсё – і ласку, і пяшчоту, і клопат, усё. Бывае куды зьбіраемся, ён найперш глядзіць – як я, што мне прыгажэйшае апрануць, якія каралі, каб я як найлепш выглядала. Я яго бачу ў сьне часта. Калі мне цяжка – то ён такі сумны, як бы і яму кепска, а калі мне добра – то і яго бачу такім, вясёлым, шустрым, стройным, элеганцкім, як ён заўсёды быў. Дужа-дужа добры быў, дужа добры, такога як ён іншага на сьвеце няма.

Ведаеце, за дзень да сьмерці ён мне сказаў, калі ужо не уставаў, ён не ўставаў апошнія 4 месяцы, – так за дзень ці два да сьмерці ён мне сказаў: «Я цябе любіў, люблю і да апошняга дыханьня буду любіць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG