Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Найлепшае месца для дзяцінства – Японія


Такая выснова сёлетняй справаздачы брытанскай няўрадавай арганізацыі Save the Children (Выратаваць дзяцей). Найгоршай краінай называецца Самалі. Беларусь апынулася у прыстойнай першай траціне сьвету.

Аўтары Індэксу дзіцячага разьвіцьця-2012 занепакоеныя тэндэнцыяй недаяданьня сярод дзяцей. Гэта накладае адбітак на прагрэс двух апошніх дзесяцігодзьдзяў, калі пачала скарачацца дзіцячая сьмяротнасьць ці расьці колькасьць дзяцей у школах. Паводле справаздачы арганізацыі, найбольш прыкметны рост галадаючых ва Ўсходняй Азіі. Арганізацыя заклікала брытанскага прэм’ера Дэйвіда Кэмэрана выкарыстаць старшынёўства краіны ў групе G-8, каб паставіць праблему змаганьня з голадам у шэраг важнейшых пытаньняў.

Колькасьць недаядаючых дзяцей, узровень сьмяротнасьці да 5 гадоў, а таксама працэнт дзяцей, што наведваюць школу – асноўныя парамэтры для складаньня Індэксу дзіцячага разьвіцьця.

У першай пяцёрцы сьвету сёлета – Японія, Гішпанія, Нямеччына, Італія і Францыя. Беларусь апынулася на 33-м месцы і апярэдзіла, напрыклад, Расею (37), Грузію (43) ці Казахстан (51). Аднак у параўнаньні зь сярэдзінай дзевяностых гадоў, калі Беларусь займала 21 радок, сытуацыя разьвіваецца не ў прагрэсіўным кірунку.
XS
SM
MD
LG