Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У дзень візыту ў Беларусь расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьведзева суд Маскоўскага раёну Менску асудзіў актывістку «Маладога фронту» Касю Галіцкую на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. У гэты ж дзень у Менску былі затрыманыя і асуджаныя беларускія і расейскія актывісты антыядзернай кампаніі.

Маладафронтаўку Касю Галіцкую затрымалі напярэдадні ў будынку Маскоўскага суду, куды яна прыйшла падтрымаць сваіх паплечнікаў у «Маладым фронце» Рамана Васільева і Ўладзімера Яроменка, якія былі затрыманыя і асуджаныя на 12 і 15 сутак адпаведна. Яшчэ адзін актывіст «Маладога фронту» Аляксей пасьля абвяшчэньня прысуду Касі Галіцкай пра падзеі вакол маладафронтаўцаў выказаўся гэтак:

«Нашым спэцслужбам ужо нагэтулькі няма чым заняцца перад візытам спадара Мядзьведзева, што яны пачынаюць ужо хапаць актывістаў не за ўдзел у нейкіх акцыях, а таму, што ім трэба справаздача для свайго кіраўніцтва за барацьбу з так званай пятай калёнай у Беларусі. Усё гэта можна назваць палітычным псыхозам».

Кася Галіцкая была затрыманая ў будынку суду Маскоўскага раёну Менску. Паводле ж паказаньняў міліцыянтаў, якія былі адзінымі сьведкамі ў судзе, Касю затрымалі на вуліцы каля будынка паліклінікі, дзе яна прылюдна брыдкасловіла і не зважала на іх заўвагі. Пры гэтым сьведкі давалі супярэчлівыя паказаньні, аднак судзьдзя Тацьцяна Матыль, якая знаходзіцца ў сьпісе неўязных Эўразьвязу, не зьвярнула на гэта ўвагі, прызнала Галіцкую вінаватай і пакарала 10 суткамі адміністрацыйнага арышту за хуліганства.

Праваабаронца Наста Лойка: «Разыходжаньні ў паказаньнях сьведак-міліцыянтаў мы назіраем амаль ва ўсіх палітычна матываваных працэсах, паколькі яны відавочна хлусяць. Мы таксама даўно заўважаем тэндэнцыю, калі людзей прэвэнтыўна затрымліваюць перад нейкімі палітычнымі падзеямі. З аднаго боку, гэта абсурд, а зь іншага — беларускія ўлады празьмерна зьвяртаюць увагу на прыезд расейскіх візытэраў, бо іх, пэўна, таксама непакоіць пытаньне незалежнасьці Беларусі».

У дзень суду над Касяй Галіцкай у Менску таксама былі затрыманыя актывісты антыядзернай кампаніі ў Беларусі Тацьцяна Новікава і Ірына Сухій, расейскі фізык-ядзершчык Андрэй Ажароўскі, а таксама праваабаронца Цэнтру прававой трансфармацыі Міхаіл Мацкевіч. Актывісты-эколягі плянавалі перадаць у амбасаду Расейскай Фэдэрацыі адкрыты зварот супраць падпісаньня генэральнага кантракту на будаўніцтва Астравецкай АЭС, які заплянаваны для зацьвярджэньня ў рамках візыту ў Беларусь расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьведзева.

Кіраўніца Цэнтру прававой трансфармацыі Алена Танкачова: «На жаль, мы ня ведаем, як доўга спадар Мядзьведзеў плянуе знаходзіцца ў Беларусі, і разумеем, што такая часовая прэвэнтыўная ізаляцыя цывільных актывістаў-эколягаў зьвязаная з тым, каб папярэдзіць дэманстрацыю пазыцыі беларускіх эколягаў адносна будаўніцтва АЭС. Хоць гэтая пэтыцыя і патрабаваньні ўсё роўна ўжо перададзеныя ў амбасаду Расейскай Фэдэрацыі. І зараз пытаньне толькі ў тым, як доўга і на якой афіцыйнай падставе людзей будуць утрымліваць у прэвэнтыўнай ізаляцыі».
XS
SM
MD
LG