Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забаронім ананімных камэнтатараў?


Рэдакцыі навінных сайтаў — і ў Беларусі, і ў сьвеце — ужо даўно сутыкаюцца з праблемай, на вырашэньне якой выдаткоўваецца нямала часу і сродкаў. Як утрымаць дыскусію камэнтатараў на сайце ў канструктыўных і цывілізаваных рамках? Ці ня варта ўвесьці рэгістрацыю, каб неяк дысцыплінаваць ананімных камэнтатараў?

Онлайнавыя выданьні даўно ўжо зразумелі — або ў цябе адкрытая прастора для камэнтароў, або разумная і асэнсаваная размова. І адно і другое разам не атрымаецца.

Пра спробы знайсьці балянс паміж імі днямі напісала амэрыканскае выданьне «The Daily Beast». Вось пра што там гаворыцца.

Безумоўна, частка камэнтароў з самага пачатку працы інтэрнэту заўсёды была чымсьці падобная на Дзікі Захад. Але на гэтым Дзікім Захадзе на зьмену суровым каўбоям прыйшлі азызлыя людзі з імёнамі тыпу «RedDog1974», якія сядзяць прыгорбленыя перад яркімі экранамі ў цёмных пакоях і падобна каўбоям былых часоў спачатку страляюць, а потым думаюць — калі наогул думаюць.

Многія онлайн-выданьні вымушаныя нюхаць сьмярдзючую жыжку, якую ўяўляе сабою пераважная большасьць камэнтароў у інтэрнэце.

Дасьледніца палітычнай камунікацыі з Унівэрсытэту Арызоны Кейт Кэнскі цяпер вывучае онлайнавыя дыскусіі. Яна высьветліла, што ў 15-20% камэнтароў у той або іншай форме ўтрымліваюць лаянку і абразы. Ступень зьедлівасьці адрозьніваецца ад сайту да сайту, і гэта пацьвярджае думку аб тым, што сацыяльныя нормы вельмі моцна ўплываюць на дыскусію ў інтэрнэце.

У цэлым стала ясна, што старая мадэль ананімнага і свабоднага камэнтаваньня сваё аджыла. Буйныя і дробныя навінныя сайты патрабуюць ад камэнтатараў называцца сапраўдным імем, часьцяком праводзячы рэгістрацыю праз профілі ў Facebook.

«Калі чалавек ананімны, ён не адчувае асаблівай адказнасьці за свае дзеяньні, — кажа Кэнскі. — А калі ты ведаеш, што твае словы могуць вярнуцца да цябе бумэрангам, што пра цябе могуць усе даведацца, то ты напэўна будзеш імкнуцца неяк зьменшыць жоўць сваіх камэнтароў».

Але некаторыя людзі працягваюць выплёўваць лаянку нават тады, калі пад камэнтарамі стаіць іх імя. Таму найбольш буйныя сродкі масавай інфармацыі ЗША, такія як NPR (Нацыянальнае грамадзкае радыё), уводзяць жорсткія правілы мадэраваньня камэнтароў.

З сакавіка мінулага году сайт радыё увёў новыя правілы. Цяпер кожны новы камэнтатар павінен прайсьці пэўны выпрабавальны тэрмін папярэдняга мадэраваньня — гэта значыць, усе яго камэнтары папярэдне праглядаюцца мадэратарам. Калі першы набор камэнтароў такога карыстальніка пройдзе праверку, ён атрымлівае магчымасьць камэнтаваць свабодна, без абмежаваньняў і без кантролю. Але тых камэнтатараў, якія рэгулярна і пасьлядоўна парушаюць правілы сайту што да камэнтароў, ізноў ставяць на выпрабавальны тэрмін.

Як кажа мэнэджэр NPR па сацыяльных сетках Кейт Маерс «мы адданыя ідэі свабоднай і адкрытай супольнасьці і верым у яе. Аднак мы таксама маем мэту, якая часам канфліктуе з гэтай ідэяй — мэту стварэньня бясьпечнай прасторы для камэнтароў і для вядзеньня цывілізаванай дыскусіі».

Гучыць прыгожа, але забесьпячэньне такога бясьпечнага прасторы абыходзіцца нятанна. New York Times, напрыклад, трымае ў сябе цэлую кучу мадэратараў — тры ў штаце і 10 пазаштатнікаў.

***

Як вырашаюць згаданую праблему беларускія інфармацыйныя сайты? Сваім досьведам з намі падзяліліся рэдактары найбольш камэнтаваных навінных сайтаў белнэту.

Рэдактар сайта tut.by Марына Золатава:

«Што да нашага сайту, то нашыя карыстальнікі не абавязаны падпісвацца сапраўднымі імёнамі і проьзвішчамі. Але да абмеркаваньняў артыкулаў на tut.by могуць падключацца толькі зарэгістраваныя карыстальнікі. Я спадзяюся, што калісьці мы прыйдзем да таго, што ў мадэратараў форумаў стане менш працы. Я магу адзначыць, што культура карыстальнікаў зьмяняецца ў лепшы бок. Мне здаецца, што прынамсі на нашым партале карыстальнікі сталі больш паважаць адзін аднаго. Мне прыкра, калі ідзе абмеркаваньне не артыкулу, а фотаздымку, на якім аўтар тэкста ці цытаваная асоба. Я спадзяюся, што мы гэта перажывем і дыскусіі стануць больш цікавыя ды зьмястоўныя».

Галоўны рэдактар тыднёвіка «Наша Ніва» Андрэй Дынько:

«Тут мы апярэдзілі амэрыканцаў. Нам бяз гэтага ніяк, бо, па-першае, у нас заканадаўства больш строгае. Мы маглі б падставіць самых неасьцярожных камэнтатараў. Яны маглі б мець ад гэтага праблемы, калі б штосьці лішняе напісалі. А другое, узровень культуры ў нас жадае лепшага. На некаторых сайтах чытаеш камэнтары — як у балота ўлазіш. Я ганаруся, што на „Нашай Ніве“ гэтага няма».

Дзяжурны рэдактар сайту naviny.by Аляксандр Маліноўскі:

«У мадэраваньні сайту мы стараемся ўтрымацца на мяжы: не ахвяраваць дэмакратычнасьцю і разам з тым не выходзіць з прававога поля. У нас адсутнічае прэмадэрацыя. Мы ўмешваемся ўжо постфактум. Канешне, ёсьць карыстальнікі, якія гэтым моцна злоўжываюць. Напрыклад, ноччу могуць зарэгістравацца пад новым нікам і да прыходу на працу рэдактара пакінуць усялякіх пастоў. Рабочы дзень у нас пачынаецца з мадэрацыі форумаў, таму шкоднасьць ад гэтага мінімальная. У нас ёсьць рэглямэнт форуму. Мы сочым, каб ён вытрымліваўся. Функцыя прэмадэрацыі распаўсюджваецца на асобных карыстальнікаў, якія парушылі правілы форуму. Калі ён пакідае камэнтары, што не адпавядаюць правілам, мы не выстаўляем іх на сайт».

Знайсьці разумны кампраміс паміж бязьмежнай свабодай і цывілізаванай канструктыўнасьцю спрабуем і мы на сайце svaboda.org. Цяпер камэнтары ў нас выстаўляюцца ў рэжыме прэмадэрацыі — адказны вэб-рэдактар рэгулярна праглядае новыя камэнтары і публікуе тыя зь іх, якія не парушаюць нашых правілаў.

Што, на вашу думку, палепшыла б якасьць дыскусіяў на нашым сайце? Ці варта ўвесьці рэгістрацыю ўдзельнікаў дыскусіяў? Гэта б павысіла адказнасьць за камэнтары, аднак магло б скараціць колькасьць камэнтатараў. Або хай усё застаецца як ёсьць?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG