Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лінас Лінкявічус: мы павінны знайсьці спосабы гаварыць ня мовай санкцыяў


Лінас Лінкявічус
Лінас Лінкявічус

Новы амбасадар Літвы ў Беларусі Лінас Лінкявічус заявіў, што неабходна шукаць новыя спосабы дыялёгу зь Беларусьсю, без ультыматумаў і санкцыяў.

«Варта разумець, што санкцыі павінны мець мэту. Яны не могуць быць накіраваныя супраць простых людзей, не павінны шкодзіць жыцьцю звычайных людзей. Гэта крайняя мера, і размовы, што пры гэтым магчымыя страты, — небеспадстаўныя. Таму мы павінны знайсьці спосабы гаварыць ня мовай ультыматумаў, ня мовай санкцыяў, а пераканаць адзін аднаго, што ёсьць спосабы супрацоўніцтва без канфліктаў», — адзначыў літоўскі дыплямат агенцтву BNS.

Паводле Лінкявічуса, неабходна разумець, што «калі мы ўводзім нейкія абмежаваньні, то можам штурхнуць Беларусь у зону ўплыву іншых [дзяржаў]».

«Да прыкладу, калі мы абмяжуем магчымасьці эканамічных стасункаў з краінамі ЭЗ, тым самым мы штурхаем да бліжэйшых і мацнейшых эканамічных стасункаў зь іншымі краінамі. Ня ведаю, ці прынясе гэта плён», — адзначыў пасол.

«Усё павінна быць вельмі ўзважаным», — дадаў ён.

Новы амбасадар заявіў, што абедзьве краіны зацікаўленыя ў разьвіцьці эканамічных дачыненьняў, на якія іншым разам уплываюць праблемы палітычнага кшталту.

«Вядома, мы б хацелі пазьбегнуць такіх рэчаў. Я думаю, што гэта ўзаемная зацікаўленасьць, бо абедзьве краіны, у прынцыпе, зацікаўленыя ў эканамічных дачыненьнях».

Паводле Лінкявічуса, Беларусь — важны эканамічны партнэр.

«Вельмі важныя транзыт і транспартныя перавозкі, перавалачныя працы, зьвязаныя з магчымасьцямі Клайпэдзкага порту. Усё гэта — вельмі вялікі інтарэс. Натуральна, хочацца, каб умовы былі найбольш спрыяльныя ў эканамічным сэнсе, да гэтага неабходна імкнуцца».

Ён адзначыў, што «суседзі зацікаўленыя ў дыялёгу, супрацоўніцтве, каб было як мага меней канфліктаў, напружанасьці».

«У гэтым я бачу сваю мэту. Адрозьненьні і напружанасьць былі ў мінулым, відаць, гэта непазьбежна і ў будучыні, але наша мэта — зьвесьці іх да мінімуму», — заявіў амбасадар Літвы.

Таксама амбасадар Літвы лічыць недастатковымі кантакты зь Беларусьсю ў справе будаўніцтва беларускай АЭС каля мяжы зь Літвой:

«Гэта адно з пытаньняў, якія спрыяюць напружанасьці, бо мае месца пэўны недахоп кантактаў. Мы хочам зрабіць гэты працэс максымальна празрыстым, каб ён адпавядаў міжнародным нормам, міжнародным патрабаваньням, каб дасьледаваньне ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе было выканана як мае быць. І тут мы ніяк ня можам да канца дамовіцца».

Ён адзначыў, што «адлегласьці вельмі важныя, і нас вельмі закранае тое, што гэта вельмі блізка ад нашай сталіцы».

«Але і беларусам павінны быць вельмі актуальныя пытаньні бясьпекі, бо гэта іх тэрыторыя, хоць і ня так блізка да Менску. АЭС — вельмі ўразьлівы аб’ект, і тэхналягічна ўсё павінна быць выканана бездакорна. Таму тут я бачу магчымасьць будаваць масты, бо гэта ўзаемны інтарэс — бясьпека і адпаведнасьць міжнародным нормам», — заявіў літоўскі дыплямат.

Таксама Лінас Лінкявічус адзначыў, што Літва чакае ад Беларусі крокаў па рэалізацыі пагадненьня аб малым прыгранічным руху.

«Падпісанае пару гадоў таму пагадненьне аб спрашчэньні працэдур паездак на памежным участку дагэтуль не рэалізаванае. Мы зь нецярплівасьцю чакаем, калі беларускі бок нарэшце зробіць усю працу. Мы ня раз чулі сыгналы, быццам засталося зусім трохі», — заявіў Лінкявічус.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG