Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежны прафсаюз выйграў суд у Магілёве


Міхаіл Кавалькоў

Міхаіл Кавалькоў

17 ліпеня Гаспадарчы суд Магілёўскай вобласьці не задаволіў пазоў адміністрацыі Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў аб скасаваньні з суполкай Незалежнага прафсаюзу Беларускага дамовы на арэнду памяшканьня, якое прафсаюз выкарыстоўвае за сваю сядзібу.

Пазоў разглядала судзьдзя Валянціна Фёдарава. Разгляд справы доўжыўся ад студзеня.

1 ліпеня фармальна скончыўся тэрмін дзеяньня дамовы на арэнду. На сёньняшнім пасяджэньні пазоўнік зьмяніў свае ранейшыя прэтэнзіі «аб заўчасным скасаваньні дамовы на арэнду» на патрабаваньне «ў сувязі са сканчэньнем тэрміну дзеяньня дамовы выселіць прафсаюз з займанага памяшканьня».

Інтарэсы незалежнага прафсаюзу ў судзе прадстаўляў старшыня заводзкай суполкі Міхаіл Кавалькоў.

«Судзьдзя, вядома, прыняла нечаканае для мяне рашэньне й надзіва прыемнае — у задавальненьні пазову заводу аб высяленьні прафсаюзу адмовіць.

Для мяне зразумела, што адміністрацыя заводу мае адну мэту — пазбавіцца ад прафсаюзу, які ім не даспадобы. І яны надалей будуць свайго дамагацца. Мы адміністрацыі неаднойчы прапаноўвалі ўступіць з намі ў рэальнае сацыяльнае партнэрства і шукаць кампрамісы ў нашых праблемах. Мы хочам аднаго — працаваць у роўных умовах з афіцыйным прафсаюзам. Я ж думаю, што адміністрацыя на гэтым ня спыніцца й будзе шукаць іншыя варыянты, каб нас выселіць.
Ад учорашняга дня нашае памяшканьне апячатанае. Але паводле выраку суду я мушу знаходзіцца ў памяшканьні.

Аднак судзьдзя вынес сваё рашэньне, і адміністрацыі варта будзе пачынаць нейкія новыя судовыя працэдуры. Ад учорашняга дня нашае памяшканьне апячатанае. Але паводле выраку суду я мушу знаходзіцца ў памяшканьні».

Сядзіба незалежнага прафсаюзу месьціцца ў будынку заводакіраўніцтва. Паводле Кавалькова, адміністрацыя заводу прапануе прафсаюзьнікам іншае памяшканьне, адкуль, аднак, няма праходу на тэрыторыю прадпрыемства. Гэта не задавальняе прафсаюз, бо, як заяўляе Кавалькоў, ускладняе працу кіраўнічых органаў суполкі зь сябрамі прафсаюзу на самім прадпрыемстве. Сам Міхаіл Кавалькоў мае праблемы з допускам на завод. Выдадзены адміністрацыяй прадпрыемства паводле рашэньня Бабруйскага суду пропуск дзейнічаў толькі адзін дзень.

Міхаіл Кавалькоў — вызвалены работнік незалежнага прафсаюзу. У лістападзе 2011 году гэты прафсаюз сабраў больш за тысячу подпісаў працаўнікоў заводу пад патрабаваньнем павысіць заробак удвая. Пасьля гэтага ў Кавалькова, як ён сьцьвярджае, і пачаліся праблемы з праходам на завод. Пазьней — і з офісам суполкі.
XS
SM
MD
LG