Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму пачасьціліся канфлікты ў працоўных калектывах?


«Чаму пачасьціліся канфлікты ў працоўных калектывах?»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:16 0:00
Наўпроставы лінк

Апошнімі днямі з розных гарадоў Беларусі прыходзіць інфармацыя пра працоўныя канфлікты. У чым прычына гэтай зьявы? Чым незадаволеныя рабочыя? Як рэагуюць на пратэсты адміністрацыя і ўлады?

Удзельнікі: старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук і былы міністар працы Беларусі Аляксандар Сасноў.

У чым прычыны працоўных канфліктаў?


Валер Карбалевіч: «Мінулым тыднем на Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў дзьве брыгады адмовіліся працаваць. 13 ліпеня страйкавалі рабочыя, якія працуюць на прадпрыемстве „Гроднажылбуд“. У Мікашэвічах больш за 20 рабочых заводу жалезабэтонных вырабаў не хацелі працаваць у суботу. Месяц таму кіроўцы машын „хуткай дапамогі“ ў Менску патрабавалі падвышэньня заробкаў. То бок — мы назіраем тэндэнцыю. У чым яе прычыны?»

Аляксандр Ярашук: «Гэта ўсё наступствы эканамічнага крызісу мінулага году. Многія чакалі, што гэтыя канфлікты адбудуцца мінулым годам. Але гэта адбываецца цяпер. І гэта аб’ектыўна. Бо ва ўладаў няма сродкаў, каб падвышаць заробкі да такога ўзроўню, каб кампэнсаваць рост цэнаў».

Аляксандар Сасноў: «Гэта лягічныя вынікі той беларускай сацыяльнай мадэлі, якая існуе шмат гадоў. Згодзен, што ня бачна ніякіх крыніц, зь якіх можна павышаць заробкі працоўных да ўзроўню цэн».

Чым незадаволеныя рабочыя?


Карбалевіч: «Варта адзначыць, што ўлады аддаюць пытаньню росту заробкаў значную ўвагу. Лукашэнка ў катэгарычнай форме патрабаваў ад прэм’ера Мясьніковіча давесьці сярэдні заробак у краіне да 500 даляраў. З пачатку году сярэдні заробак вырас у рэальным выражэньні на 20–30%. Цэны ж растуць прыкладна на 1,5% у месяц. Аднак рабочыя незадаволеныя. Чаму?»

Ярашук: «Мінулым годам на тле падзеньня абменнага курсу рубля, падзеньня заробкаў у валютным выражэньні ўдвая, падзеньня ўзроўню жыцьця ў такім памеры не адбылося. У людзей былі запасы валюты. Улады трымалі цэны на камунальныя паслугі, якія ў валютным выражэньні аказаліся маленькімі. Цяпер усё гэта працуе наадварот. Ашчаджэньні скончыліся, растуць камунальныя тарыфы.
Мы доўга рухаліся да гэтай гістарычнай эканамічнай і палітычнай пасткі і цяпер трапілі ў яе. Гэты чыньнік і будзе вызначаць далейшыя падзеі ў краіне.

Іншы момант. Людзі прыстасаваліся да крызісу мінулым годам, верылі ўладам, што з новага году ўсе крызісныя зьявы застануцца ў мінулым. Аднак аднаўленьня ўзроўню жыцьця не адбылося. Падманутыя чаканьні ў зьвязку з ростам цэнаў і стварылі гэтую сытуацыю канфлікту. Мы доўга рухаліся да гэтай гістарычнай эканамічнай і палітычнай пасткі і цяпер трапілі ў яе. Гэты чыньнік і будзе вызначаць далейшыя падзеі ў краіне».

Сасноў: «Я з сумневам стаўлюся да таго, што сярэдні заробак вырас у рэальным выражэньні на 20–30%. Вось чытаеш якія працоўныя вакансіі ёсьць нават у Менску. Прапануюць сярэдні заробак — 2, 2,5, максымум 3 млн рублёў. Ці ж могуць рабочыя быць задаволенымі?

Яшчэ адзін момант. Пару дзён таму я даведаўся, што на адным вельмі стратным прадпрыемстве Менску рабочыя атрымліваюць 1,5–2 млн руб. у месяц, а дырэктар, намесьнікі атрымліваюць 10–12 млн руб. Гэта рэжа вочы людзям. А сярэдні заробак гэтай розьніцы ня ўлічвае».

Рэакцыя ўладаў


Карбалевіч: «Зьвяртае на сябе ўвагу тое, што частка канфліктаў справакаваная хамскімі паводзінамі адміністрацыі прадпрыемстваў, прычым больш на ўзроўні сярэдняга ці нізавога зьвяна (напрыклад, начальніка цэху).

Як рэагуюць на канфлікты адміністрацыі прадпрыемстваў, улады? Чаму ўлады так баяцца нават дробных канфліктаў? Вось на завод у Бабруйск адразу прыехала камісія зь Менску. Што дамінуе ў рэакцыі ўладаў? Рэпрэсіі, застрашваньне ці імкненьне задаволіць патрабаваньні? Напрыклад, на „Граніце“ ў Мікашэвічах пасьля канфлікту значна падвысілі заробкі».

Ярашук: «Так, сапраўды, хамства адміністрацыі адыграла, можа, першасную ролю ў гэтых канфліктах. Напрыклад, на тым жа „Граніце“. У наш прафсаюз пастаянна тэлефануюць і паведамляюць пра гэта людзі. Хамства начальнікаў у адносінах да рабочых дасягнула катастрафічных памераў.

Калі дзесьці ўзьнікае канфлікт, то туды ляцяць усе, спрабуюць падвысіць заробкі. І тым жа часам мясцовая адміністрацыя высьвятляе, хто быў завадатарам, пачынае на іх ціск і часьцяком звальняе з працы.

Увогуле, палітычны, эканамічны, сацыяльны рэсурс дзейнага рэжыму заканчваецца. Больш няма паліва, якое б дазваляла гэтай машыне далей ехаць. І сытуацыя ніколі больш ня вернецца ў стан напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году.

Для насельніцтва заўсёды больш балюча падаць зь нейкага дасягнутага ўзроўню жыцьця ўніз, чым знаходзіцца на гэтым нізкім узроўні доўгі час. Праблему складае ня толькі розьніца ў заробках паміж рабочымі і начальнікамі, але і паміж заробкамі грамадзян Беларусі і Расеі. І гэтая розьніца будзе толькі павялічвацца.

У Расеі цяпер эканамічная сытуацыя ўскладняецца, бо цэны на нафту падаюць. Але перш чым гэта адмоўна адаб’ецца на становішчы расейскіх працоўных, спачатку гэта ўдарыць па ўзроўні жыцьця ў Беларусі. Найперш будзе закрытая крыніца з гэтымі скандальнымі разбаўляльнікамі».

Сасноў: «Ва ўсім сьвеце працоўныя канфлікты разьвязваюць у трохбаковым парадку. Працоўныя, якія прадстаўленыя прафсаюзамі, вядуць перамовы з наймальнікамі — бізнэсоўцамі. Трэці бок — дзяржаўная ўлада — выконвае ролю арбітра.
Усё вярнулася ў сытуацыю СССР, калі з аднаго боку была дзяржава, а з другога боку — працоўныя.

У Беларусі прафсаюзы абдяржаўленыя, дэ-факта яны дзяржаўны орган. Паколькі прадпрыемствы ў Беларусі ў асноўным дзяржаўныя, то наймальнікі таксама прадстаўляюць дзяржаву. І трэці бок — дзяржаўная ўлада — выконвае ролю арбітра ў перамовах паміж дзяржаўнымі структурамі. Усё вярнулася ў сытуацыю СССР, калі з аднаго боку была дзяржава, а з другога боку — працоўныя.

Для разьвязаньня канфлікту ўлады выкарыстоўваюць і бізун, і пернік. З аднаго боку — ажыцьцяўляюць ціск, выкарыстоўваюць КДБ. А зь іншага боку — падвышаюць заробкі. Пакуль канфлікты, пратэсты не набылі масавага характару, яны адзінкавыя, то ва ўладаў ёсьць рэсурсы, каб іх патушыць. Але гэтых рэсурсаў няшмат».

Карбалевіч: «То бок у цяперашняй мадэлі адсутнічаюць легальныя мэханізмы разьвязаньня канфліктаў, кляпаны, каб выпускаць сацыяльную пару, пра што казаў сп. Сасноў. У выніку поўнага дамінаваньня дзяржавы любы працоўны канфлікт становіцца канфліктам паміж працаўнікамі і дзяржавай. І гэта значыць, што ён аўтаматычна набывае палітычны характар. І таму ён значна больш небясьпечны для рэжыму. Невыпадкова ўлады яго моцна баяцца, таму спрабуюць лякалізаваць, нэўтралізаваць у самым пачатку».

Ярашук: «Яшчэ адна акалічнасьць. Беларускі рэжым мае сумнеўную легітымнасьць. Паламалі Канстытуцыю, несправядлівыя выбары і інш. І ў гэтых абставінах адзінае, што давала рэжыму мандат на ўладу, было тое, што выконваўся сацыяльны кантракт у выглядзе пэўнага ўзроўню дабрабыту, які дзяржава забясьпечвала. А цяпер улады яго парушаюць. Таму адбываецца эрозія рэжыму, на пярэдні плян выходзіць праблема легітымнасьці. І мой прагноз: рэжым скончыцца да 2015 году. Усё калісьці сканчаецца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG