Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каляпс АДКБ


Пра апошнія падзеі ў вайсковым блёку дзяржаў СНД піша ў англамоўнай расейскай газэце The Moscow Times намесьнік рэдактара «Ежедневного журнала», вайсковы экспэрт Аляксандар Гольц.

Арганізацыя Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ), якая доўга была прадметам гонару Расеі, развальваецца па швах.

Два тыдні таму Ўзбэкістан накіраваў паведамленьне ў штаб-кватэру АДКБ у Маскве, што краіна выходзіць з гэтага блёку. Гэта – частка больш шырокай тэндэнцыі, якая пагражае зьнішчыць арганізацыю. Пасьля заявы Ташкенту Таджыкістан абвясьціў, што патрабуе ад Расеі падвысіць гадавую плату за арэнду вайсковай базы ў Таджыкістане ў 10 разоў – да 230 мільёнаў даляраў. Празь некалькі дзён Кіргізстан таксама запатрабаваў ад Расеі падвышэньня платы за арэнду вайсковай базы.

Што тычыцца выхаду Ўзбэкістану з АДКБ, прэзыдэнт Іслам Карымаў ужо выкарыстоўваў гэты трук раней. У 1999 годзе ён выйшаў з гэтай арганізацыі, спадзеючыся такім чынам дамагчыся саступак ад Злучаных Штатаў і іншых заходніх краін. Узбэкістан потым прапанаваў ЗША аэрадром Каршэн-Ханабад у якасьці вайсковай базы ў 2001 годзе. Але раман з Захадам рэзка спыніўся ў 2005 годзе, калі ўзбэцкія сілы бясьпекі забілі некалькі сотняў дэманстрантаў у Андыжане. Нягледзячы на тое, што НАТА былі патрэбныя базы ва Ўзбэкістане, Захад ня мог пакінуць злачынства беспакараным, і міжнародная супольнасьць унесла Ташкент у «чорны сьпіс».

Ізаляцыя Ўзбэкістану з боку Захаду дала выдатную магчымасьць Уладзімеру Пуціну вярнуць Ташкент у арбіту Масквы. Расейскія чыноўнікі агучвалі пазыцыю Карымава, кажучы, што ніякіх масавых забойстваў у Андыжане не было, нягледзячы на відавочныя доказы адваротнага. Паводле заяваў расейскіх афіцыйных прадстаўнікоў, узбэцкія ўлады сарвалі падступныя змовы міжнародных тэрарыстаў і ліквідавалі іх баевікоў. Карымаў падзякаваў Маскве за ляяльнасьць, ануляваў дамову арэнды з Вашынгтонам наконт выкарыстаньня вайсковай базы і вярнуўся ва ўлоньне АДКБ.

Але празь некалькі гадоў усе забыліся пра разьню ў Андыжане. Больш за тое, Карымаў зразумеў, што калі міжнародныя сілы кааліцыі сыдуць з Аўганістану ў 2014 годзе, гэта пакіне Ўзбэкістан, які мяжуе з Аўганістанам, адкрытым для пранікненьня талібаў.

Празь некалькі месяцаў пасьля сыходу заходніх войскаў з Аўганістану агрэсіўны іслам, несумненна, будзе пранікаць у Цэнтральную Азію, што можа прывесьці да грамадзянскай вайны. Большасьць людзей ва Ўзбэкістане, Таджыкістане і Кіргізстане жывуць ва ўмовах крайняй беднасьці, што робіць гэтыя краіны асабліва ўразьлівымі. Цалкам верагодна, што гэты фактар больш, чым што-небудзь іншае, прымушае Ўзбэкістан, а затым Таджыкістан і Кіргізстан, адысьці ад Расеі да Злучаных Штатаў.

Насамрэч АДКБ рыхтуецца да асноўных грамадзянскіх беспарадкаў пасьля сыходу ЗША з Аўганістану на працягу некалькіх гадоў. Расея спрабуе стварыць калектыўныя сілы хуткага рэагаваньня і ўкладае значныя рэсурсы ў рэалізацыю гэтага праекту. Аднак Карымаў быў катэгарычна супраць гэтай ідэі ад пачатку. Ён дэманстратыўна прапусьціў апошні саміт АДКБ і адмовіўся падпісваць выніковыя дакумэнты.

Карымаў, былы савецкі вопытны функцыянэр, вядома, не забыўся пра нестабільную сытуацыю ў канцы 1980-х. Тады савецкая армія была значна большая, а салдаты і афіцэры больш дысцыплінаваныя, але ўсе спробы савецкіх войскаў утаймаваць унутраныя канфлікты ў рэспубліках скончыліся праліцьцём крыві і нават большымі грамадзкімі беспарадкамі. Падобна на тое, што лідэры Таджыкістану, Узбэкістану і Кіргізстану ня бачаць у расейскай арміі панацэі для сваіх праблем.

Напярэдадні маючага адбыцца вываду войскаў з Аўганістану Вашынгтон вырашыў замяніць у Цэнтральнай Азіі пугу на пернік. Гэты крок зьяўляецца лягічным і прагматычным. Хоць Карымаў і іншыя падобныя яму цэнтральнаазіяцкія кіраўнікі зьяўляюцца дыктатарамі, бясьпека амэрыканскіх войскаў, якія застануцца ў Аўганістане пасьля 2014 году, зьяўляецца значна больш высокім прыярытэтам. Яны маюць вострую патрэбу ў стварэньні базаў забесьпячэньня хуткага разгортваньня і тэхнічнай падтрымкі ў адносна бясьпечных раёнах. З гэтай мэтай Злучаныя Штаты вядуць перамовы з усімі дзяржавамі Цэнтральнай Азіі, каб пашырыць вайсковае супрацоўніцтва.

Ня дзіўна, што Масква рашуча выступае супраць далейшай прысутнасьці вайсковых баз ЗША ў рэгіёне і ўзьнікненьня новых. На саміце АДКБ у сьнежні Расея дамаглася прыняцьця рашэньня, паводле якога вайсковыя базы краін, якія не зьяўляюцца чальцамі АДКБ, могуць быць дазволеныя ў рэгіёне толькі сумесным рашэньнем дзяржаваў-чальцоў АДКБ. Гэтае рашэньне фактычна дае Маскве права вета на новыя амэрыканскія базы ў рэгіёне.

Нядаўна высокапастаўлены расейскі вайсковец пазыцыю Масквы выказаў шчыра: «Калі коштам стабільнасьці ў Цэнтральнай Азіі зьяўляюцца амэрыканскія базы ў рэгіёне, то такі кошт не зьяўляецца прымальным для нас».

Такая ўпартая пазыцыя, аднак, можа прывесьці да грамадзянскай вайны ў рэгіёне. Масква можа заставацца абыякавай да грамадзянскай вайны ў Цэнтральнай Азіі, рэгіянальныя лідэры – ня могуць. Такім чынам, няма нічога дзіўнага ў тым, што Карымаў дыстанцыяваўся ад АДКБ. АДКБ з самага пачатку зыходзіла не з рэальнай неабходнасьці супрацьстаяць пагрозам бясьпекі, але з жаданьня Масквы стварыць вайсковы саюз, які б нагадваў колішнюю Варшаўскую дамову і быў «канкурэнтам» НАТА.

Насамрэч АДКБ ня столькі шматбаковы альянс, колькі набор двухбаковых пагадненьняў паміж Масквой і адпаведнымі дзяржавамі-чальцамі. У адказ на слабое падабенства гарантыі бясьпекі Маскве патрабуецца вонкавы вобраз ляяльнасьці і адмова дзяржаў-чальцоў ад супрацоўніцтва з Захадам. Але Расеі проста не хапае рэсурсаў і паўнамоцтваў, каб даць гэтым дзяржавам гарантыі бясьпекі, а тым больш забясьпечыць іх эканамічны росквіт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG