Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд прызнаў законным звальненьне Мікалая Карышава з «Граніту»


Мікалай Карышаў

Мікалай Карышаў

Лунінецкі суд пастанавіў, што намесьнік кіраўніка суполкі незалежнага прафсаюзу на «Граніце» Мікалай Карышаў быў звольнены на законных падставах. Мікалай Карышаў кажа, што судзіцца не перастане і пойдзе ізноў уладкоўвацца на «Граніт».

Справу Мікалая Карышава разглядаў старшыня лунінецкага суду Васіль Бельскі. Гэты судзьдзя вёў справы аб звальненьні і іншых актывістаў незалежнага прафсаюзу на «Граніце» — Алега Стахаевіча, Генадзя Паўлоўскага. Ніводзін зь іх ня быў адноўлены на працы.

Яшчэ падчас папярэдняга разгляду сваёй справы 29 чэрвеня Мікалай Карышаў выказаў недавер судзьдзі Бельскаму і падаў хадайніцтва аб яго адводзе. Аднак хадайніцтва не было задаволенае.

Пазыцыю адміністрацыі «Граніту» ў судзе адстойваў вядучы юрысконсульт прадпрыемства Сяргей Лахаў. Як кажа Мікалай Карышаў, яму падалося, што суд і адказчык дзейнічалі ў зьвязцы:

«Яны ўжо загадзя ведаюць, што ім казаць, як казаць. Адзін аднаго падпіхваюць на тую размову. Што было цікавае сёньня выяўлена — ён прадставіў, гэты Лахаў, дакумэнт адзін... У нас выклікала сумневы, я адразу стаў казаць у судзе, што дакумэнт падроблены. Подпіс там мой, але паловы словаў няма. Мы пачалі ў судзе заяўляць, каб паказалі арыгінал гэтай заявы. Але ён гэта адхіліў».

Адказваючы на пытаньне, што будзе рабіць далей, Мікалай Карышаў распавёў, што мяркуе судзіцца і аднаўляцца на «Граніт» праз цэнтар занятасьці:
Пайду ў цэнтар занятасьці і вазьму даведку-накіраваньне на „Граніт“. Вакансіяў такіх, як у мяне, хапае там.

«Пайду ў цэнтар занятасьці і вазьму даведку-накіраваньне на „Граніт“. Вакансіяў такіх, як у мяне, хапае там. 17 вакансіяў менавіта на такую пасаду, на якой я працаваў».

Праваабаронца Ўладзімер Малей адстойваў правы Мікалая Карышава ў Лунінецкім судзе:

«Звальненьне Карышава прафсаюз лічыць незаконным. Мы прыйшлі ў суд, каб прызнаць пункт 2 кантракту аб заключэньні зь ім працоўнай дамовы на адзін год незаконным. Таму што на момант заключэньня кантракту дзейнічала калектыўная дамова, паводле якой зь ім павінен быць заключаны кантракт тэрмінам ня менш як на тры гады».

Напрыканцы 2011 году некалькі соцень працаўнікоў прадпрыемства па здабычы будаўнічага каменю «Граніт» у Мікашэвічах напісалі заявы, што выходзяць з афіцыйнага прафсаюзу. Рабочыя абвясьцілі, што ствараюць на прадпрыемстве суполкі Беларускага незалежнага прафсаюзу. Адразу ж сябры незалежнага прафсаюзу адчулі ціск з боку адміністрацыі.

З прадпрыемства, акрамя Алега Стахаевіча, звольненыя актывісты БНП Мікалай Карышаў, Генадзь Паўлоўскі, Людміла Літвінка, Віталь Пашэчка.
XS
SM
MD
LG