Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навасяд хоча сабраць у сваю ініцыятыўную групу 500 чальцоў


Набліжаецца да фінішу чарговы этап кампаніі па абраньні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў пятага скліканьня. 19 ліпеня — апошні дзень, калі ахвотныя стаць дэпутатамі могуць падаць заяўкі на рэгістрацыю сваіх ініцыятыўных групаў. Без афіцыйнай рэгістрацыі зьбіраць подпісы выбарцаў забаронена.

Сёньня дэпутат Палаты прадстаўнікоў другога скліканьня, а пасьля палітвязень Сяргей Скрабец перадаў дакумэнты на рэгістрацыю ў сваім родным горадзе Лідзе.

Сяргей Скрабец

Сяргей Скрабец

«Група грамадзян мяне вырашыла тут вылучыць, бо яны памятаюць, як я працаваў, калі быў дэпутатам. Шчыра прызнаюся, мне гэта прыемна. Група невялікая — 14 чалавек. Але я быў зьдзіўлены і гэтай колькасьцю, паколькі ведаю, як напужаныя цяпер людзі. Яны баяцца нават ня тое што ў ініцыятыўную групу ўваходзіць, а наагул у выбарах удзельнічаць. І, што цікава, найбольш запалоханыя людзі, якія чытаюць сайты „Свабоды“, „Хартыі“, „Беларускага партызана“. Яны напужаныя болей за тых, хто не цікавіцца палітыкай. Я аналізую гэтую сытуацыю. І нават сам зьдзіўляюся».

Мінімальны склад ініцыятыўнай групы — 10 чалавек. Максымальны — законам не абмежаваны. Былы калега Сяргея Скрабца па Палаце прадстаўнікоў другога скліканьня Ўладзімер Навасяд сказаў «Свабодзе», што ягоная група будзе пад 500 чалавек.

Уладзімер Навасяд

Уладзімер Навасяд

«У сераду панясем дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы, бо ў нас вельмі вялікая ініцыятыўная група. Мы зыходзім з таго, што дата выбараў прызначаная такім чынам, што значная частка выбарцаў падчас збору подпісаў будзе ў адпачынках, на лецішчах. І таму, каб хутка абыйсьці грамадзян і сабраць подпісы, трэба мець велізарную групу. Дый наагул, калі ў людзей ёсьць жаданьне запісацца ў ініцыятыўную групу, то яны павінны быць туды запісаныя».

І Скрабец, і Навасяд прадстаўляюць афіцыйна не зарэгістраваныя палітычныя партыі. А сярод тых партыяў, якія прадстаўленыя ў афіцыйным рэгістры, найбольшую актыўнасьць традыцыйна праяўляе партыя левых «Справядлівы сьвет». Намесьнік яе лідэра Валеры Ўхналёў адзначае:

Валеры Ўхналёў

Валеры Ўхналёў

«Усяго ў нас будзе каля 40 кандыдатаў у дэпутаты. Усім ім мы паставілі задачу, каб яны зарэгістравалі свае ініцыятыўныя групы. І каб пачалі зьбіраць подпісы, выстаўляць пікеты, працаваць з выбарцамі. Аднак усіх іх мы вылучым кандыдатамі ў дэпутаты 5 жніўня на партыйным зьезьдзе. І падаваць на рэгістрацыю іх будзем менавіта ад зьезду. Мы лічым, што ўладам такое вылучэньне будзе заблякаваць цяжэй, чым праз збор подпісаў. Таму мы будзем зьбіраць подпісы выбарцаў на пікетах, на кватэрах і ў іншых месцах, але падаваць іх у камісіі пакуль не плянуем».

Апошні дзень падачы дакумэнтаў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп — 19 ліпеня. А тыя, хто падаў свае заяўкі раней, мусяць атрымаць адказ ад акруговых камісіяў не пазьней як празь 5 дзён з моманту рэгістрацыі сваёй заяўкі.
XS
SM
MD
LG