Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь ня мае намеру прадаваць кантрольны пакет акцый ААТ «Беларуськалій», заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Я не зьбіраўся і не зьбіраюся прадаваць „Беларуськалій“ камусьці за бясцэнак. Калі хто-небудзь захоча — плаціце грошы, цана названа, ніхто яе зьмяншаць ня будзе», — пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што размова ідзе аб магчымасьці продажу толькі пэўных долей акцый, але не кантрольнага пакету.

Як адзначыў Лукашэнка, апошнім часам гучыць шмат меркаваньняў аб прыватызацыі «Беларуськалія». «Лічыў і лічу, што гэта пэрліна Беларусі, якая належыць беларускаму народу. Цяпер вельмі шмат размоваў і нават націску, і націск ідзе з розных бакоў, нават з тых дзяржаваў, ад якіх мы вельмі залежныя. І гэтаму націску процістаяць складана», — сказаў кіраўнік Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што раней даручаў правесці ацэнку прадпрыемства, і кошт склаў $30-32 млрд. «Ніжэй ніяк. Хочаце, — калі ласка, мы вам прададзім не кантрольны пакет акцый, каб кіраваньне не страціць... Такіх пакупнікоў не знайшлося. Усе хочуць за $8 млрд. купіць увесь камбінат. Я гавару: бывайце, такіх цэн няма. Гэта мая прынцыповая пазыцыя».

«Мне няма сэнсу сьпяшацца прадаваць «Беларуськалій», — дадаў Лукашэнка, перадае БелТА.

Індыя — адзін з найбуйнейшых у сьвеце імпарцёраў угнаеньняў — выказвае інтарэс да набыцьця «Беларуськалію» ці долі яго акцый ўжо некалькі гадоў.

Афіцыйны Менск неаднаразова пацьвярджаў інтарэс да супрацоўніцтва з Дэлі, але, адначасова, некалькі разоў павялічваў патрабаваную цану за продаж прадпрыемства.

Пакупка долі ў беларускім канцэрне па вытворчасьці калійных угнаеньняў «Беларуськалій» — адна з прыярытэтных задач замежнай эканамічнай палітыкі індыйскага ўраду, раней заўлялі індыскія ўрадоўцы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG