Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскі спэцназавец папрасіў прытулку за мяжой


Капітан міліцыі, былы спэцназавец Сяргей Макар папрасіў прытулку за мяжой.Паводле інфармацыі палітэмігранта, палкоўніка спэцназу ў адстаўцы Ўладзімера Барадача, Макар ужо некалькі дзён знаходзіцца ў лягеры ўцекачоў у Швэцыі. Тэлефонная сувязь з былым спэцназаўцам адсутнічае.

Ён патлумачыў, што вымушаны быў зьехаць зь меркаваньняў асабістай бясьпекі. Сяргей Макар служыў у міліцыі 15 гадоў — спачатку ў АМАПе, потым у аддзеле міліцыі Кастрычніцкага раёну Гродна.

Кіраўнік прэсавай службы Ўправы ўнутраных спраў Гарадзенскага аблвыканкаму Георгій Яўчар паведаміў «Свабодзе», што цяпер праводзіцца праверка. Адзінае, што ён пацьвердзіў — Сяргей Макар сапраўды адсутнічае на працы. Падрабязьней ён нічога сказаць ня можа.

Напярэдадні ад’езду інтэрвію ў Сяргея Макара ўзялі незалежная газэта «Народная воля» і тэлеканал «Белсат».



Сяргей Макар расказвае, што адчуў на сабе ціск з боку спэцслужбаў восеньню 2006 году:

«Мой брат Ігар служыў у „Алмазе“. Ён адразу пасьля выбараў быў вымушаны хавацца, каб уратаваць сваё жыцьцё».

Былы спэцназавец Ігар Макар падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году працаваў у камандзе кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна. Ігар Макар распавёў пра мэтады дзейнасьці «Алмаза» ў дачыненьні да апазыцыі і пра спробы схіліць яго да супрацоўніцтва.

Празь некалькі месяцаў пасьля арышту Аляксандра Казуліна Ігар Макар уцёк зь Беларусі.

«Мне прапанавалі выклікаць у краіну брата на любой падставе. Яны разьлічвалі з маёй дапамогай завабіць яго ў пастку. Натуральна, я катэгарычна адмовіўся, і тады мне паабяцалі праблемы па службе. Яны не прымусілі сябе чакаць. Мяне ў спакоі не пакінулі, сустракаліся яшчэ некалькі разоў... Потым узяліся за сястру. Неяк Вольгу прывезьлі ў аддзел міліцыі, абражалі, зьдзекаваліся зь яе, пагражалі, што зь яе дзіцем нешта здарыцца. Доўжылася гэта некалькі гадзін», — расказвае Сяргей Макар «Народнай волі».

У 2009 годзе сястра былога спэцназаўца Ігара Макара, жыхарка Гародні Вольга Макар з 7-гадовым сынам папрасіла палітычнага прытулку ў Вялікабрытаніі. Жанчына заявіла пра перасьлед з боку міліцыі і пагрозы яе жыцьцю і жыцьцю сына.

Сяргей Макар апісвае мэтады, якія выкарыстоўваюць у міліцыі.

«Прыйшоў у аддзел, гляджу — за шклянымі дзьвярыма ў дзяжурнай частцы плача голая жанчына. Уся скруцілася, каб прыкрыцца... Высьветлілася, што яна ішла з працы і ўбачыла на зямлі мужчыну. Той прасіў дапамагчы яму падняцца. Яна толькі падышла да яго, як побач спынілася машына з ППСнікамі. А ў іх плян па п’яніцах. Яны схапілі і мужчыну, і гэтую маладую жанчыну. Мужчыну накіравалі ў выцьвярэзьнік, але і на яе склалі пратакол, што была п’яная і лаялася матам. Яна падпісваць паперы адмовілася. Вось тады яе разьдзелі, зьбілі і пасадзілі ў пакой з празрыстымі дзьвярыма. Я зьняў гэта на відэа, падышоў да дзяжурнага: „Ты ня бачыш, што ў цябе жанчына голая? Што тут адбываецца?“ А ён: „А што я магу зрабіць? Ёсьць старшы афіцэр, і ён гэтым займаецца“. Вакол былі адны мужчыны, і ніхто нават не паспрабаваў умяшацца. Потым гэтую жанчыну даставілі ў суд. А суд яе, як ні дзіўна, апраўдаў».

Былы спэцназавец расказвае, як міліцыю выкарыстоўваюць падчас выбараў.

«Мяне задзейнічалі на выбарах і ў 2006-м, і ў 2010-м. У 2006-м я быў на закрытым участку ў вайсковай частцы. У першы дзень датэрміновага галасаваньня салдаты ішлі калёнай па адным з ужо запоўненымі бюлетэнямі. Кідалі іх у скрыню, а потым расьпісваліся ў журнале. У 2010-м я працаваў на ўчастку ў гандлёвым каледжы. Там студэнтаў адміністрацыя па раскладзе прыводзіла галасаваць датэрмінова, каб потым адпусьціць на выходныя. Скрыню зь бюлетэнямі на ноч забіралі некуды ў асобны пакой. Але была яшчэ маленькая скрыня, яе вывозілі да інвалідаў. Ніхто з тых, да каго мы прыходзілі, не хацеў галасаваць за Лукашэнку. Людзі казалі: „Не, ужо хопіць!“ І ўвогуле абураліся, казалі, што жыць стала значна горш. Але так здарылася, што на гэтым участку жыве шмат інвалідаў па зроку. Чальцы камісіі за іх запаўнялі бюлетэні і, не зважаючы на тое, за каго чалавек прасіў прагаласаваць, ставілі „галачку“ Аляксандру Лукашэнку».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG