Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Размова пра мільярды» — сёньня абмяркуюць растваральнікі


Пытаньне бяспошліннага экспарту Беларусьсю нафтапрадуктаў з расійскай сыравіны будзе абмеркавана напярэдадні паседжаньня Савету Міністраў «саюзнай дзяржавы», што адбудзецца 18 ліпеня.

Для абмеркаваньня гэтай тэмы ў Менск 17 ліпеня прыбыў першы віцэ-прэмьер Расеі Ігар Шувалаў, які правядзе перамовы з віцэ-прэмьерам Беларусі Сяргеем Румасам.

У адпаведнасьці з пагадненьнем аб супрацоўніцтве ў межах Адзінай эканамічнай прасторы, якое ў сьнежні 2010 года падпісалі Беларусь, Казахстан і Расея, Беларусь атрымлівае расійскую нафту і нафтапрадукты бязмытна, але пры гэтым абавязана пералічваць у расійскі бюджэт 100% экспартных мытаў на нафтапрадукты з расейскай сыравіны, што пастаўляюцца за межы Мытнага зьвязу.

У пералік нафтапрадуктаў, пры экспарце якіх выплачваецца вывазная мыта, ня ўнесены разбаўляльнікі і растваральнікі. У студзені—красавіку 2012 года іх экспарт Беларусьсю рэзка павялічыўся і дасягнуў 1,7 мільярда даляраў ЗША.
6 чэрвеня на прэс-канфэрэнцыі ў Менску пасол Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў заявіў: расtйскі бок зьвярнуў увагу на тое, што імпарт расійскіх нафтапрадуктаў Беларусьсю апошнімі гадамі значна вырас, у тым ліку ў 2012 годзе — у чатыры разы.

«Мы разумеем, што Беларусь імпартуе больш, чым трэба для унутранага спажываньня. Заўважылі, што ў справаздачнасьці Мытнага зьвязу зьявіліся растваральнікі і разбаўляльнікі, якія не абкладаюцца мытамі. Летась іх было 2 мільёны тон», — сказаў пасол.

15 чэрвеня прэмьер-міністар Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў даручыў профільным ведамствам прааналізаваць сытуацыю з экспартам нафтапрадуктаў з Беларусі.

28 чэрвеня намесьнік міністра фінансаў Расеі Сяргей Шаталаў заявіў: «Мы сутыкнуліся з тым, што ў некалькі разоў з Беларусі вырас экспарт арганічных растваральнікаў на зьнешні рынак. Мы непакоімся, што гэты тавар — прыкрыцьцё. Не выключана, што пад выглядам растваральнікаў экспартуюцца нафтапрадукты».
Шаталаў падкрэсьліў, што расійскі бок разьбіраецца з гэтай інфармацыяй і спрабуе прыняць адпаведныя меры.

«Будзем дамаўляцца з беларускімі калегамі», — сказаў ён. Паводле слоў намесьніка міністра, расійскі бюджэт губляе сур`ёзныя даходы, бо пры пастаўках нафты і нафтапрадуктаў унутры Мытнага зьвязу не зьбіраюцца экспартныя пошліны. «Размова ідзе пра многія мільярды даляраў», — падкрэсьліў ён.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG