Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтар «Мусарка» ідзе ў дэпутаты і абяцае «вясёлыя штукі»


Іван Амельчанка, аўтар пэрформансу «Мусарок», абвясьціў пра пачатак выбарчай кампаніі ў парлямэнт.

Галоўная ідэя ягонай праграмы — «атрымаць працу дэпутата, бо там неякепскі заробак і добры сацыяльны пакет: кватэра, машына і ўсё такое». У абмен на падтрымку электатарату Іван Амельчанка прапануе ўвесьці ільготы для ветэранаў вайны 1812 году і забясьпечыць іх кватэрамі.

Івану Амельчанку 25 гадоў. Цяпер ён нідзе ня вучыцца і не працуе. Стаў героем інтэрнэту пасьля Чарнобыльскага шляху. У сеціве імкліва распаўсюдзіўся відэазапіс ягонага пэрфармансу — Амельчанка стаіць каля пераапранутага апэратыўніка з самаробным плякатам «Мусарок». Пасьля гэтага Іван агулам 40 сутак правёў на Акрэсьціна — так помсьцілі яму супрацоўнікі міліцыі. Амельчанка кажа, што першыя думкі пра кар’еру дэпутата зьявіліся, калі сядзеў на сутках. А апошняя адседка ўжо падштурхнула яго да канкрэтных дзеяньняў.

Каб вырашыць галоўныя праблемы апазыцыі і беларускай эканомікі, Амельчанка хоча скарыстаць «пазытыўны» досьвед перайменаваньняў. Так, плошчу Бангалор трэба перайменаваць у Кастрычніцкую. Маўляў, тады апазыцыя ня будзе бянтэжыцца наконт таго, дзе праводзіць свае мітынгі. Гэтаксама проста вырашыцца і праблема зьнешніх пазыкаў: праз рэфэрэндум Рэспубліка Беларусь будзе перайменаваная, і такім чынам усе дамовы адразу стануць нядзейсныя, а аддаваць пазыкі болей не давядзецца.

«Нашая палітыка ўвогуле ня дзейнічае — ані ўлада, ані парлямэнт. Таму мае ідэі, калі мяне абяруць, будзе вельмі лёгка рэалізаваць. Гэта будзе абсалютна сумленна, без падману», — кажа Іван Амельчанка.

У ягонай ініцыятыўнай групе ўжо каля 30 чалавек — гэта сябры і знаёмыя. Калі яго зарэгіструюць, то Амельчанка абяцае падчас кампаніі ўсялякія «вясёлыя штукі». На пытаньне, як далёка дадуць яму зайсьці ўлады, Іван адказу ня мае: «зарэгіструюць — добра, не зарэгіструюць — і няхай».
У Вані ёсьць усе шанцы — ён руды, ён з народу, і яго падтрымліваем мы.

«Кандыдата ў кандыдаты», як называе сябе сам Амельчанка, падтрымала моладзевае крыло «Гавары праўду» «Zьмена». Адзін зь лідараў «Zьмены» Павал Вінаградаў кажа:

«Паспрабуем зрабіць так, каб гэтая выбарчая кампанія была найлепшай. Зробім яго самым вядомым кандыдатам у дэпутаты. Толькі гумар, толькі хард-кор. У Вані ёсьць усе шанцы — ён руды, ён з народу, і яго падтрымліваем мы».

Вінаградаў лічыць, што ісьці на выбары з сур’ёзнымі намерамі немэтазнгодна. Яны сьвядома ігнаруюць парлямэнцкія выбары як палітычную падзею і будуць толькі «сьцябацца». Павал Вінаградаў і Іван Амельчанка ўпэўненыя, што суровыя пакараньні актывістам «Zьмены» тлумачацца толькі тым, што ва ўлады няма пачуцьця гумару.

Маці, кажа Іван Амельчанка, ведае, што ён ідзе ў дэпутаты, і упэўненая, што яго пасадзяць. А ці надоўга? «На рэальны тэрмін наўрад ці пасадзяць, а на сутках можна сядзець бясконца», — адказвае Іван Амельчанка.
XS
SM
MD
LG