Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскі абласны суд не задаволіў прэтэнзій партыі БНФ


Зьміцер Салаўёў

16 ліпеня Магілёўскі абласны суд адмовіўся ўсчаць грамадзянскую справу па скарзе партыі БНФ на неўключэньне сяброў партыі ў склад акруговых выбарчых камісіяў.

Скаргу разглядала судзьдзя Сьвятлана Стальмахова. Прадстаўляў інтарэсы партыі ў судзе кіраўнік абласной партыйнай структуры Зьміцер Салаўёў.

Салаўёў: «Нам адмовілі ва ўзбуджэньні грамадзянскай справы на той падставе, што ў пратаколе, у якім мне было даручана Соймам падаць скаргу й прадстаўляць у судзе інтарэсы партыі, не было прапісана асобным радком, што я маю права подпісу. Я лічу, што яны знайшлі выйсьце, каб не раскрываць дакумэнтаў па фармаваньні складаў камісіяў. Я лічу, што склад камісіяў дыскрымінацыйны як у сацыяльным пляне, так і палітычным. Не былі ўключаныя нашы вылучэнцы-пэнсіянэры. Іншых жа пэнсіянэраў уключалі. Не уключылі ў склад камісіі сяброў партыі, якая ўдзельнічае ў выбарах».

Зьміцер Салаўёў заяўляе, што партыя БНФ будзе абскарджваць рашэньне Сьвятланы Стальмаховай.

У акруговыя выбарчыя камісіі на Магілёўшчыне партыя БНФ вылучана 9 сваіх сяброў. Скаржнік дамагаўся, каб суд абавязаў службоўцаў прыняць новае рашэньне пра ўтварэньне акруговых выбарчых камісіяў з уключэньнем у іх склад прадстаўнікоў партыі БНФ.

Склад камісіі зацьвярджаўся на сумесным паседжаньні прэзыдыюму абласнога савету дэпутатаў і аблвыканкаму. З 32 вылучаных апазыцыянэраў у склад камісіяў уключылі толькі траіх — дваіх ад партыі левых «Справядлівы сьвет» і аднаго з АГП.
XS
SM
MD
LG