Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы – лідэры па шэнгенскіх візах на душу насельніцтва


На сайце Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў апублікаваны аналіз візавай палітыкі краін Эўразьвязу адносна Беларусі ў 2007-2011 гг.

Асноўныя высновы дасьледаваньня наступныя:

- Уваходжаньне Польшчы, Літвы і Латвіі ў Шэнгенскую зону у канцы 2007 году выклікала рэзкі спад колькасьці візаў для грамадзян Беларусі. Але цяпер гэты крызіс пераадолены. У выніку ўстойлівага павелічэньня колькасьці візаў, выдадзеных кансулятамі краін Эўразьвязу, у 2011 годзе практычна дасягнуты ўзровень 2007 году.

- Па шэрагу адносных візавых паказчыкаў краіны Шэнгену ў большай ступені адкрытыя для грамадзян Беларусі, чым для жыхароў іншых краін-удзельніц «Усходняга партнэрства» (Азэрбайджан, Армэнія, Грузія, Малдова, Украіна) і Расеі. З пераходам Сэрбіі і Македоніі ў разрад краін, грамадзяне якіх не маюць патрэбы ў візах для кароткатэрміновых візытаў у краіны Шэнгену, Беларусь з 2010 г. выйшла на першае месца ў сьвеце па колькасьці атрыманых шэнгенскіх віз у разьліку на душу насельніцтва.

- У параўнаньні зь іншымі краінамі «Ўсходняга партнэрства» і Расеяй Беларусь лідзіруе па наступных парамэтрах ў прапорцыі на душу насельніцтва:

• агульная колькасьць кароткатэрміновых шэнгенскіх віз;

• шматразовыя шэнгенскія візы;

• колькасьць нацыянальных доўгатэрміновых віз (катэгорыя D).

- Візавыя паказчыкі паляпшаюцца не толькі ў колькасным, але і якасным пляне: у 2010 - 2011 гг. доля адмоваў паменшылася, а доля выдачы шматразовых шэнгенскіх візаў узрасла практычна ва ўсіх кансулятах краін Шэнгену. Па ўсіх паказчыках ўпэўнена лідзіруюць літоўскія і польскія кансуляты.

- Адсотак адмоваў у шэнгенскіх візах у кансулятах краін ЭЗ на тэрыторыі Беларусі надзвычай малы ў рэгіянальным вымярэньні і зьяўляецца адным з найменшых у сьвеце.

Пры гэтым варта адзначыць, што кошт стандартных шэнгенскіх візаў для грамадзян Беларусі вышэйшы, чым, напрыклад, для расейцаў ці ўкраінцаў (60 эўра параўнальна з 35 эўра).
XS
SM
MD
LG