Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Залескі: Будзе Лукашэнка слухацца Пуціна, усё будзе ціха


Пытаньне бязмытнага экспарту Беларусьсю нафтапрадуктаў з расейскай сыравіны будзе абмеркавана напярэдадні візыту ў Менск прэм’ер-міністра Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева.

Адмыслова дзеля гэтага ў Менск 17 ліпеня прыбывае першы віцэ-прэм’ер Расеі Ігар Шувалаў, які правядзе перамовы зь віцэ-прэм’ерам Беларусі Сяргеем Румасам.

Расея занепакоеная экспартам зь Беларусі ў трэція краіны разбаўляльнікаў і растваральнікаў. Паводле дамоўленасьцяў Беларусь атрымлівае расейскую нафту і нафтапрадукты бяз мыта, але пры гэтым абавязаная пералічваць у бюджэт Расеі 100% экспартнага мыта на нафтапрадукты з расейскай сыравіны, якія пастаўляюцца за межы Мытнага саюзу.

У пералік нафтапрадуктаў, пры экспарце якіх выплачваецца вывазное мыта, ня ўнесеныя растваральнікі і разбаўляльнікі. У студзені-красавіку 2012 году экспарт іх Беларусьсю рэзка павялічыўся і дасягнуў 1,7 мільярда даляраў ЗША.

7 чэрвеня расейскі амбасадар Аляксандар Сурыкаў паведаміў, што расейскі бок вывучае сытуацыю з экспартам нафтапрадуктаў зь Беларусі ў заходнім кірунку.

Аляксандар Сурыкаў

Аляксандар Сурыкаў

«Мы бачым, — сказаў амбасадар Сурыкаў, — што зь Беларусі на Захад вывозіцца больш нафтапрадуктаў, чым іх наагул можна зрабіць з той нафты, якая паступае ў вашу краіну з Расеі. Мы ведаем гэтыя гісторыі пра разбаўляльнікі, і зараз эканамісты вывучаюць гэтую праблему. Мы ня супраць таго, каб Беларусь рээкспартавала свае прадукты з нашай нафты ў іншыя краіны, але толькі пры ўмове, што Беларусь заплаціць адпаведнае мыта ў расейскі бюджэт».

15 чэрвеня прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітрый Мядзведзеў даручыў профільным ведамствам прааналізаваць сытуацыю з экспартам нафтапрадуктаў зь Беларусі.

28 чэрвеня намесьнік міністра фінансаў Расеі Сяргей Шаталаў заявіў: «Мы сутыкнуліся з тым, што ў некалькі разоў зь Беларусі вырас экспарт арганічных растваральнікаў на зьнешні рынак. Мы асьцерагаемся, што гэты тавар — прыкрыцьцё. Ня выключана, што пад выглядам растваральнікаў экспартуюцца нафтапрадукты».

Шаталаў адзначыў, што расейскі бок разьбіраецца з гэтай інфармацыяй і спрабуе прыняць адпаведныя меры, бо ў выніку расейскі бюджэт страчвае сур’ёзныя даходы — многія мільярды даляраў.

Беларускі віцэ-прэм’ер Румас заявіў, што ня бачыць тут «ніякіх праблем».

Эканаміст Міхал Залескі патлумачыў карэспандэнту «Свабоды», што разьвязаньне гэтага пытаньня будзе залежаць ад аднаго:

Міхась Залескі

Міхась Залескі

«Тут ёсьць адзін варыянт: будзе Лукашэнка слухацца Пуціна — усё будзе ціха. Ня будзе слухацца — яго пакараюць. Усё залежыць ад таго, як трактуюцца гэныя дамоўленасьці. Нідзе не гаворыцца, што мы можам пастаўляць літар ці сто мільярдаў тон гэных распушчальнікаў і расплынальнікаў. Мы можам усё гэна рабіць, а можам не рабіць. Бо дамоўленасьць была не пра тое, каб мы выпускалі нешта, што не давала б прыбытку расейскаму бюджэту. Мы тут пастаўленыя працаваць на расейскі бюджэт. Але заўсёды ёсьць што запатрабаваць. Па-першае, трэба выканаць абяцаньні па каўкаскіх пытаньнях. Мы ж там абяцалі нешта рускім. Абяцалі, не зрабілі. Трэба падтрымліваць расейскую пазыцыю адносна прыватызацыі ў Беларусі. Трэба сямімільнымі крокамі ісьці ў адзіную эканамічную прастору. Трэба — мы не ідзем. Ня трэба разбураць расейскі рынак цукру, малака, кураціны, а мы разбураем. Таму патрабаваньні ёсьць. Будзе слухацца наш кіраўнік рускіх кіраўнікоў, то канфлікту ня будзе.Ня стане слухацца – будзе канфлікт».
XS
SM
MD
LG