Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць) больш за 20 рабочых заводу жалезабэтонных вырабаў занесьлі начальству пэтыцыю пра тое, што ня хочуць працаваць у суботу. Дырэктар пэтыцыю парваў, а патрабаваньне рабочых праігнараваў.

Пра канфлікт на заводзе ЖБВ «Свабодзе» паведамілі работніцы, якія папрасілі не называць іх імёнаў. Жанчыны скардзяцца, што адміністрацыя прадпрыемства прымушае працаваць іх у суботы:

«У пятніцу літаральна нам абвясьцілі, што працоўная субота. Кранаўшчыкі — з трыццаці чалавек дзесьці 24 чалавекі — падпісаліся, што на працу ня выйдуць. Занесьлі ў прыёмную дырэктару, а дырэктар паперу парваў».

Жанчына кажа, што ўжо каторую суботу яны мусяць працаваць. Начальства абгрунтоўвае гэта «вытворчай неабходнасьцю».

Пасьля таго як начальнік адмовіўся адмяніць працоўную суботу, рабочыя параіліся і вырашылі выйсьці на працу. Спадарыня кажа, што падпісантамі звароту да начальства былі ў асноўным жанчыны, і яны збаяліся страціць працу:

«Яны кажуць, што калі ня выйдзем, то пазвальняюць, а там за плотам, маўляў, шмат людзей... Таму выйшлі, бо звольняць. А дзе жанчыне ў Мікашэвічах знайсьці працу?»

Другая спадарыня кажа, што ўціск з боку начальства ўжо даводзіць рабочых да мяжы цярпеньня:

«Я ўжо працую 15 гадоў на гэтым прадпрыемстве. Начальства што хоча, тое і вырабляе. Як яны з намі размаўляюць! Нават даходзіць да таго, што мы павінны ў прыбіральню хадзіць, адпрошваючыся ў майстра, а калі майстра не знайшлі, то мы павінны свае патрэбы спраўляць проста ў пралёце...»

Жанчыны кажуць, што цяпер вырашаюць, як будуць рэагаваць, калі ізноў субота будзе працоўнай.

Пракамэнтаваць сытуацыю мы папрасілі начальніка арматурна-фармовачнага цэху Мікашэвіцкага заводу ЖБВ Івана Зіневіча. Спадар кажа, што праблема тут «высмактаная з пальца»:

«Жанчыны ў нас пісалі гэтую паперу, але гэтую паперу разгледзеў дырэктар і даў каманду разгледзець расцэнкі, каго там не задавальняе... У канцы месяца гэта падрэгулююць, я так думаю. Як у суботу выходзяць, то аплата лічыцца ў падвойным памеры. А так з аплатай там пытаньне чыста ўзьнікала».

Кіраўнік суполкі незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве «Граніт» у Мікашэвічах Алег Стахаевіч кажа, што сытуацыя на гэтым горназдабыўным прадпрыемстве іншых начальнікаў нічому не навучыла:

Алег Стахаевіч

Алег Стахаевіч

«Тое, што мы на „Граніце“ ўзьнялі шум з гэтым „бязьмежжам“, з гэтымі нечалавечымі адносінамі адміністрацыі да працаўнікоў, мы гэта назіраем, у прынцыпе, па ўсіх прадпрыемствах у Беларусі. І пратэст рабочых „Граніту“, атрымліваецца, ніяк не паўплываў на адміністрацыю суседніх прадпрыемстваў».

У такім выпадку, кажа спадар Стахаевіч, незалежныя прафсаюзы — адзіная дапамога для рабочых, якія церпяць уціск.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG