Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці: Вера Вярба


15 ліпеня родныя і блізкія разьвіталіся зь Верай Вярбой (Гертрудай Маркавай). Сямідзесяцігадовая аўтарка славутых «Ручнікоў» адышла ў іншы сьвет у творчай недамоўленасьці і амаль у поўнай чалавечай самоце.

Вера Вярба (фота НН)
Вера Вярба (фота НН)
Найстарэйшы беларускі паэт Мікола Аўрамчык памятае, як васьміклясьніцай Вера Вярба прыйшла са сваімі вершамі ў рэдакцыю часопіса «Маладосьць».

«Яна вельмі сьмелы чалавек была і вельмі своеасаблівы чалавек. Магла і жартаваць, і кпіць з хлопцаў з нашых з усіх, з паэтаў — тым больш. Вельмі дзёрзка трымалася, вельмі своеасабліва. Я нікога не магу параўнаць зь ёй, нікога з тых паэтаў, якія амаль за сорак год маёй кансультацыі паэзіі прыходзілі да мяне. Яна своеасаблівая і, канечне, паэтэса ад Бога. Тут нічога ня скажаш».

Яе першы зборнік «Вочы вясны» заўважылі чытачы і крытыкі, а выкладчык Полацкай пэдвучэльні Мікалай Пятрэнка напісаў на адзін з надрукаваных у ім вершаў песьню. У выкананьні самадзейнага дуэту зь Лёзна — Тамары Дзядковай і Валянціны Альхоўскай — на рэспубліканскім конкурсе мастацкай самадзейнасьці «Ручнікі» зрабілі дваццацігадовую аўтарку папулярнай на ўсю краіну. Песьня ўвайшла потым у залаты фонд «Песьняроў» і ў рэпэртуар кожнай беларускай застоліцы. Прыгадвае паэт і грамадзкі дзеяч Генадзь Бураўкін:

Генадзь Бураўкін
Генадзь Бураўкін
«Я памятаю прыход Веры Вярбы ў нашу паэзію. Не заўважыць гэтага прыходу нельга было, бо Вера была трапяткой, тоненькай, прыгожай, і вершы яе адразу ж былі непадобныя да іншых. Акрамя відавочнага таленту, у іх была жаноцкасьць, тая жаноцкасьць, якой вельмі і вельмі не хапала беларускай паэзіі наогул і, у прыватнасьці, творчасьці паэтак. Яна стала вельмі хутка вядомай, а калі зьявіліся „Ручнікі“ славутыя з музыкай Пятрэнкі, то гэтая песьня стала народнай. Яна і цяпер жыве, яна ёсьць, і я веру, што будзе доўга жыць».

На піку творчае славы паэтка працавала ў часопісе «Беларусь», дзе адкрывала маладыя таленты. Вось якой Вера Вярба памятаецца Адаму Глобусу:

Адам Глобус
Адам Глобус
«Для мяне гэта быў сымбаль жаночай прыгажосьці ў паэзіі. Паэтка, мне здаецца, павінна быць яшчэ і прыгожай. І вось у Веры была прыгажосьць і адзін цудоўны верш, і гэта вельмі ўсіх нас радавала».

Паэтка, якой у сталыя гады не тварылася, застанецца ў памяці маладымі вершамі.



Наперакор ня толькі лёсу
Нясу высока галаву.
Мой сьмех на зорах і на плёсах;
Такая ж, юная, жыву.

І некаму мне крыўду скласьці,
І некалі прыняць дакор.
Жыву і прычакаю шчасьця
Усім чарцям наперакор.


Пахавалі Веру Вярбу на могілках у Калодзішчах.

Біяграфія і вершы Веры Вярбы


Знакамітая песьня на верш Веры Вярбы ў выкананьні «Песьняроў»:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG