Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у справе Алега Гулака адкладзены на 20 ліпеня


16 ліпеня ў судзе Цэнтральнага раёна Менску пачаўся разгляд скаргі аб унясеньні старшыні БХК Алега Гулака ў сьпіс асобаў, якім абмежаваны выезд за мяжу. Праваабаронца абскарджвае дзеяньні Міністэрства юстыцыі і Міністэрства ўнутраных спраў.

Аднак у сувязі з тым, што на працэс не зьявіліся прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных спраў, разгляд справы перанесьлі на 20 ліпеня. У МУС патлумачылі, што адказныя супрацоўнікі сёньня знаходзяцца ў камандзіроўках.

13 сакавіка Гулаку выдалі даведку аб тым, што яму з 5-га сакавіка 2012 года забаронены выезд зь Беларусі. Зь даведкі вынікала, што праваабаронцу прад'яўлены грамадзянскі пазоў у судзе. Аднак пра падобны пазоў Гулак нічога ня ведаў, ніводзін суд не інфармаваў яго аб унясеньні ў «сьпісы». За апошнія тры месяцы таксама ніякіх зьвестак аб пазовах да Алега Гулака не зьявілася.

Праз некалькі дзён пасьля атрыманьня такой даведкі Гулак падаў скаргу ў суд на Міністэрства юстыцыі і Міністэрства ўнутраных спраў.за неправамернае абмежаваньне права на выезд.

Судовае паседжаньне плянавалася правесьці яшчэ 6 красавіка, аднак тады яно было адкладзенае на нявызначаны тэрмін. Судзьдзя, якая павінна была разглядаць справу, менавіта ў гэты дзень вяла прыём грамадзян. У наступныя тры месяцы таксама не знайшлося часу для разгляду скаргі праваабаронцы. Згодна з заканадаўствам, такога роду справы павінны быць разгледжаны цягам месяца, паведамляе прэс-служба БХК.
XS
SM
MD
LG