Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менск прыбываюць экспэрты АБСЭ


16 ліпеня ў Беларусь прыбывае ацэначная місія Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ па назіраньні за выбарамі. Яна будзе знаходзіцца ў Менску з 16 па 18 ліпеня.

Пра гэта БелаПАН паведаміла старшыня беларускага Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына, якая плянуе сустрэцца зь місіяй сёньня ўвечары.

У склад ацэначнай місіі ўваходзяць экспэрты, якія вызначаць колькасны склад місіі назіральнікаў за выбарамі ў Беларусі. Канчатковае рашэньне прыме кіраўніцтва АБСЭ.

На пасяджэньні ЦВК 19 чэрвеня Ярмошына папракнула АБСЭ, што выніковыя справаздачы па назіраньні за выбарамі «пішуцца не самімі назіральнікамі, а чыноўнікамі, якія ажыцьцяўляюць гэтыя функцыі ў кабінэтах».

А сакратар ЦВК Мікалай Лазавік на прэс-канфэрэнцыі 11 ліпеня заявіў: «Можаце мяне запісаць у апазыцыянэры, але я ўнутрана ня згодны з запрашэньнем місіі назіральнікаў ад АБСЭ». Аднак ён адзначыў, што будзе выконваць сваю работу па забесьпячэньні зручнай працы назіральнікаў, у тым ліку ад АБСЭ.

Прадстаўнік Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ Томас Раймэр 22 чэрвеня адзначыў: «Для ацэнкі выбарчых працэсаў у Беларусі і іншых краінах АБСЭ выкарыстоўвае аднолькавую мэтадалёгію. Бюро АБСЭ валодае ясным мандатам на назіраньне за выбарчымі працэсамі і іх ацэнку ў краінах АБСЭ ў адпаведнасьці з абавязаньнямі АБСЭ і іншымі міжнароднымі стандартамі дэмакратычных выбараў».

«АБСЭ грунтуе свае ацэнкі толькі на непасрэдных назіраньнях сваіх назіральнікаў, — сказаў Раймэр. — У адпаведнасьці з абавязаньнем па забесьпячэньні празрыстасьці працы АБСЭ прадстаўляе свае ацэнкі і высновы ў публічных справаздачах: выніковых справаздачах, заявах пра папярэднія высновы, а таксама прамежкавых справаздачах. Усе яны даступныя на сайце АБСЭ».

Парлямэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць 23 верасьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG