Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паляваньне на зубра» у Горадні


Афіша спэктакля “Паляваньне на зубра” ў Гарадзенскім тэатры лялек
Афіша спэктакля “Паляваньне на зубра” ў Гарадзенскім тэатры лялек

Прэм’ерай «Паляваньне на зубра» закончыўся сэзон у гарадзенскім тэатры лялек. Паводле вядомай паэмы Міколы Гусоўскага спэктакль стварыў галоўны рэжысэр Алег Жугжда, назваўшы пастаноўку «гістарычна-экалягічным экскурсам». Сярод гледачоў быў генэральны консул Польшчы ў Горадні Анджэй Хадкевіч.

У спэктакль перанесеная гісторыя стварэньня паэмы Міколам Гусоўскім, які зьяўляецца ў выглядзе лялькі. Ён распавядае гледачам пра падзеі часоў Вітаўта, да вобраза якога вяртаецца раз-пораз, а таксама спрабуе зазірнуць у будучыню, якая для беларусаў не абяцае салодкіх пернікаў. Стваральнікі якраз прапануюць гледачам «успомніць мінулае нашага краю, а таксама паразважаць пра яго будучыню».

Важным пэрсанажам ёсьць каралева Бона Сфорца. Яна прысутнічае ў спэкткалі ў выглядзе трох партрэтаў па чарзе. У яе рухаюцца вочы і рукі, аднойчы яна нават перакладае з рукі ў руку кніжку, падараваную Гусоўскім. Спачатку гэта мудрая, поўная жыцьцёвай сілы правіцельніца. Апошні партрэт: каралева ператварылася ў старую вар’ятку, рукі акторкі вырываюць з кнігі аркушы і суюць у рот Навуцы і Мастацтву, каб жавалі. Каралева тлумачыць, што ёй было загадана, калі атрымала ў рукі кнігу: «Вазьмі і зьеш яе, і яна будзе горкая ў чэраве тваім, але ў вуснах будзе салодкай, як мёд. Я ўзяла кніжку і ела яе, яна была салодкая ў вуснах маіх. Але калі зьела яе, горка зрабілася ў чэраве маім. Ён сказаў: табе трэба зноў прарочыць пра плямёны і народы, і роды, і цароў многіх...» З гэтымі словамі каралева памірае, партрэт выносяць «нагамі наперад».

Пачынаецца спэктакль вельмі змрочна: сучасны час, постаці ў чорных балахонах, з капюшонамі на галовах, закідаюць чорныя мяхі са сьмецьцем у вялізную сетчатую скрыню пасярод сцэны, у якой стаіць абцятае, нежывое дрэва. Вырашыўшы са сьмецьцем, яны кідаюцца да шашы галасаваць. Аднак машыны не спыняюцца, ніхто іх не бярэ.

Гэтыя мяхі са сьмецьцем потым ляжаць уздоўж сцэны, падзяляючы ўдзельнікаў дзеі і гледачоў. Побач зь мяхамі паўтара дзясятка фігурак зубра, якія ў нейкі момант будуць пахаваныя.

Стваральнікі выкарысталі нямала прыёмаў, якія робяць спэктакль, з аднаго боку крыху эклектычным, з другога — разнастайным. Вялікая галава зубра, якую трымае ў руках актор, мае вочы, якія заплюшчваюцца, цалкам перадае вобраз жывой жывёліны. Партрэт Маці Божай Вострабрамскай, які паміж рогаў зубра, раптам траціць твар, ён зьнікае. Нечаканы напамін пра будучую вайну: у драцяной скрыні кабарэтная сьпявачка выконвае «Лілі-Марлен». Вельмі добра зроблены нумар, які выглядае цалкам самадастатковым.

У другой палове спэктаклю калейдаскоп падзей, вобразаў. Зуброў нашчэнт забіваюць, цар (сьведчыць архіўны здымак) ды іншыя. Ад дрэва беларускага застаецца толькі пень. Але гледачоў не пакідаюць без надзеі: палеткамі рушаць наўскапыт статкі зуброў, у небе кружляюць буслы, гучыць фанаграма «Песьняроў» на расейскай мове пра Белавескую пушчу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG