Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 ліпеня пачынаецца вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, якое згодна з каляндарным плянам Цэнтрвыбаркаму працягнецца да 13 жніўня.

У апазыцыйных партыях, якія бяруць удзел у выбарчай кампаніі, заяўляюць, што іх сябры будуць вылучацца на партыйным зьезьдзе, але скарыстаюць і кампанію па зборы подпісаў.

Права вылучаць сваіх кандыдатаў маюць палітычныя партыі, працоўныя калектывы і грамадзяне шляхам збору подпісаў. Палітычныя партыі вылучаць сваіх кандыдатаў на зьездах: АГП 28 ліпеня, Партыя БНФ 4 жніўня і партыя «Справядлівы сьвет» 5 жніўня. Аднак партыйцы зьбіраюцца таксама рэгістраваць ініцыятыўныя групы для вылучэньня сваіх кандыдатаў. Таму да 19 ліпеня яны павінны падаць у акруговыя выбарчыя камісіі адмысловыя заявы і сьпісы сяброў ініцыятыўных груп. Намесьнік старшыні АГП Леў Марголін патлумачыў, што кожны з так званых «сьпікераў» будзе сам прымаць рашэньне ці будзе ён рэгістраваць ініцыятыўную групу:

«Подпісы мы зьбіраць ня будзем і тым больш ня будзем іх здаваць. Але тыя, у каго ёсьць жаданьне больш шчыльна папрацаваць на сваёй выбарчай акрузе, у каго ёсьць каманды валянтэраў, могуць зарэгістраваць ініцыятыўную групу і выкарыстаць гэты месяц, каб папрацаваць на акрузе для стварэньня базы дадзеных сваіх прыхільнікаў, для прапаганды ідэй байкоту і гэтак далей. Але гэта будуць рабіць ня ўсе. Большая частка будзе весьці больш сьціплую працу, бо не хапае сродкаў. У кожнай вобласьці, у кожным горадзе будзе такая акруга, дзе будзе весьціся паўнавартасная кампанія зь пікетамі».

Паводле Марголіна, АГП мяркуе вылучыць каля 50-ці сваіх «сьпікераў-кандыдатаў». Партыя БНФ вылучыць каля сарака кандыдатаў у дэпутпаты і рэкамэндуе ім ствараць ініцыятыўныя групы дзеля працы з насельніцтвам. Намесьнік старшыні партыі Рыгор Кастусёў таксама плянуе вылучацца:

Леў Марголін

Леў Марголін

«Мы не настойваем, каб яны здавалі падпісныя лісты па сваім вылучэньні. У нас будзе вылучэньне партыйнае. Але менавіта праз сустрэчы з насельніцтвам, праз сустрэчы на пікетах, праз сустрэчы пры зборы подпісаў мы даносім пазыцыю Партыі БНФ, выконваем рашэньне сойму — выкарыстаць гэту кампанію як інфармацыйную, як магчымасьць для працы з выбарцамі, каб данесьці сваю праграму, стратэгію. А далей мы будзем скарыстоўваць нашу працу як пачатак падрыхтоўкі да прэзыдэнцкай кампаніі 2015 года».

Кандыдаты ад партыі «Справядлівы сьвет», а іх будзе каля сарака, таксама будуць рэгістраваць ініцыятыўныя групы. Паводле намесьніка старшыні партыі Валеры Ўхналёва, гэта дазволіць пачаць працу з насельніцтвам і не згубіць цэлы месяц выбарчай кампаніі:

«Калі ня будзе ініцыятыўнай групы, то ня будзе магчымасьці выстаўляць пікеты. Але мы будзем вылучаць сваіх кандыдатаў на партыйным зьезьдзе. І будзем падаваць дакумэнты ў акруговыя камісіі аб вылучэньні ад партыі. Бо подпісы правяраюць, некага запужалі, нехта адмовіўся і будуць праблемы. Таму мы будзем падаваць дакумэнты ад партыйнага зьезду. Але мы раілі і многія нашы патэнцыйныя кандыдаты зрабілі свае ініцыятыўныя групы і мы пачнём працу з выбаршчыкамі».

Некаторыя актывісты падавалі скаргі на тое, што іх не ўключылі ў акруговыя выбарчыя камісіі. Аднак дагэтуль няма ніводнага прыкладу, калі б яны былі задаволеныя. Рыгор Кастусёў адзначае, што такая ж сытуацыя была на папярэдніх выбарах:

Рыгор Кастусёў

Рыгор Кастусёў

«Паўтарылася карціна выбарчых кампаній 2008 года, 2004 года. Адназначна, улады баяцца каб прадстаўнікі дэмакратычных арганізацый неяк паўплывалі на тое, каб выбары прайшлі сумленна і справядліва. Улады перастрахоўваюцца і робяць усё магчымае, каб нашы людзі туды ня трапілі».



Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў пройдзе з
14 па 23 жніўня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG