Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэрмэр Матусевіч: У нас па-ранейшаму пануе дзікі рынак


Фэрмэр Матусевіч: У нас па-ранейшаму пануе дзікі рынак
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:06 0:00
Наўпроставы лінк

Маёнтак Уладзімера Матусэвіча

Фэрмэр Уладзімер Матусевіч зь вёскі Мацкі на Меншчыне ўжо два дзясяткі гадоў дэманструе прыклад спраўна пастаўленай гаспадаркі, якая прыносіць ня толькі прыбытак, але і задавальненьне. Спыніўшыся ў выніку экспэрымэнтаў на вырошчваньні гародніны — перадусім, разнастайных гатункаў капусты — ён наладзіў пакрокавую сыстэму вэгетацыі, якая цягам усяго сэзону дазваляе здымаць сьвежы ўраджай. У «Маёнтку Матусевічы», пра набліжэньне да якога апавяшчае адпаведны надпіс на бел-чырвона-белай шыльдзе.

Дом Уладзімера Матусевіча, які ён у літаральным сэнсе пераўтварыў у сучасную крэпасьць (прынамсі, зьнешнім выглядам), добра бачны зь мядзельскай трасы. Многія транзытныя пасажыры перакананыя, што гэта насамрэч замак, які захаваўся зь незапамятных часоў. Адпаведны маштабу падворак — для адпачынку душой і целам: кветкі, сад, сьвежаскошаны траўнік. Кветкі — асаблівае захапленьне гаспадара: для ўнутранага спакою нават засеяў цэлую дзялянку рамонкаў.

Для бізнэсу — 40 гектараў зямлі. Работнікаў даводзіцца наймаць здалёк — зь Вілейшчыны, Мядзельшчыны. У напаўпустых Мацках працаздольнага насельніцтва ўжо не засталося.

Сёлета спадар Матусевіч стаў дзедам. Першую ўнучку Мілану два месяцы таму падараваў сын Павал. Ён зараз — правая рука бацькі. Скончыўшы прэстыжную ВНУ ў Менску і крыху папрацаваўшы на вольных хлябах, не прыжыўся ў каменных джунглях і вярнуўся дадому. Цяпер з галавой у гаспадарскіх клопатах — канстатуе спадар Уладзімер, расказваючы пра закулісьсе фэрмэрства:

— Працую з дробнымі гандлярамі, якія прадаюць на Камароўцы, на іншых базарах. Яны стаяць там гадамі, пастаянна, да іх прыходзяць пакупнікі, пастаянныя кліенты, якія ведаюць: на гэтай кропцы ўсё будзе гарантавана сьвежае. Вось з гэтымі людзьмі я і працую. Але ж яны ня могуць прадаць усё. Таму што асноўная маса людзей ідзе ў вялікія гіпэрмаркеты і купляе там імпартнае, якое ляжыць і не псуецца. А ў мяне прадукцыя аднаго дня. Адразу пасьля развалу СССР, калі была натуральная галадуха, было зусім інакш. Тады ж мялі ўсё без разбору, мы нават не ўпакоўвалі, а ўсё грузілі на машыны, проста валам. А адтуль — мех грошай, потым іх толькі сартавалі.

І самі людзі мяхамі бралі, без разбору. Толькі паступова неяк навучыліся, што ня трэба мех капусты квасіць і ставіць на балькон, калі можна ў зручны час зайсьці ў любую краму і набыць прадукцыю ці замежную, ці сваю. Галоўнае, што ўсё будзе сьвяжэйшае. А потым зьявіліся іншыя культуры. Як толькі бачылі нешта новае — тую ж «экзатычную» капусту — адразу пачынаўся хапун, хацелася пакаштаваць. А раскаштуюцца, і ня хочуць больш браць.

Адмыслова прыяжджалі розныя крамкі, прасілі: нас, маўляў, на кірмаш гоняць, трэба вітрыну ўпрыгожыць, а ў вас, ведаем, ёсьць нешта неардынарнае. Дай нам, хоць бы толькі ўпрыгожыць...

— Нядаўна ў адной сеткавай краме набываў турэцкія памідоры па 12 900 рублёў за кіляграм. Побач у шапіку прадавалі беларускія — больш чым па 20 000. У чым сакрэт такога цэнаўтварэньня?

— Справа, як кажуць, у разьдзяленьні працы. Усё ж у Турэччыне больш адпаведны клімат — там цёпла круглы год, там выдаткі на вырошчваньне гэтых памідораў меншыя, бо можна знайсьці яшчэ дзешавейшую працоўную сілу. Як ні круці, там гэта абыходзіцца таньней. Нам, можа, лепш усё ж бульбу навучыцца вырошчваць і потым яе прадаваць. А то ж мы нават бульбай сябе часам ня можам забясьпечыць, набываем турэцкую, мараканскую. Тую ж самую капусту, якая першая ідзе, купляем з Македоніі. Хоць я перакананы, што ў дастатковай колькасьці гэта можна вырошчваць і ў нас. Мне цяжка за некага адказаць, у чым прычына такой дыспрапорцыі. Мабыць, мы яшчэ на пачатку гэтага шляху. Прыкладам, галяндзкі фэрмэр ня будзе столькі вырошчваць, калі ведае, што не прадасьць, таму ў яго пэўныя квоты і г.д.

А ў нас яшчэ пануе дзікі рынак. Летась была проста неверагодная перавытворчасьць морквы, капусты белакачаннай. Ведаю, што нават да гэтага часу на палях засталіся ляжаць цэлыя нерэалізаваныя бурты. У нас гэты працэс ідзе гэткімі хвалямі. Летась было шмат, сёлета вырашылі не саджаць — стала мала. У мінулым годзе мая квяцістая капуста ішла па добрай цане, дык некаторыя паглядзелі, скумекалі, пачалі вырошчваць такую ж капусту, у выніку мая цана ўпала. Таму стараюся стабільна, кожны год налягаць на тыя свае культуры, якія даўно вырошчваю і ведаю, што вялікай канкурэнцыі мне ніхто не складзе. Як той жа сельдэрэй.

— То бок пэўная спэцыялізацыя ўсё ж захоўваецца?

— Так. Узяць тую ж Століншчыну — сапраўдны агурковы рай. Ці Лунінеччына, якая дае нам моркву і трускалкі. У гэтых рэгіёнах клімат, зямля для сельскай гаспадаркі адпаведныя. Вёскі там дагэтуль вялікія, людзей шмат, але зямлі ўрадлівай мала. Нядаўна да мяне адзін прыяжджаў, кажа — я фэрмэр, мне трэба мільён саджанцаў яблыні, хачу пасадзіць такія, як польскія. Але яму там кажуць, што ня могуць даць столькі зямлі, бо можа дайсьці да сацыяльнага выбуху. Бо паглядзяць іншыя, скажуць — дайце і мне зямлі. А вольнай зямлі мала. Гэта ў нас яшчэ тут хапае зямлі, а там, на Берасьцейшчыне, яна даўно дэфіцытам — пры яшчэ вялікай долі сельскага насельніцтва.

Дарэчы, гэта мае самыя галоўныя канкурэнты, зь якімі мы кожны дзень сутыкаемся на рынку. Толькі яны адтуль за 400 кілямэтраў вязуць сюды прадукцыю, кожную ноч, а мой сын адсюль — за 25 кілямэтраў. А трэцяй ночы збор, бо тую ж капусту яшчэ трэба нарваць, каб была наўпрост з поля. І там, на Палесьсі, хоць цяплей, лепш усё расьце, але за кошт таго, што далёка везьці і што прадукцыю трэба крыху раней зьбіраць, я выйграю.

Уладзімер Матусевіч у сваім маёнтку
Уладзімер Матусевіч у сваім маёнтку


— Ці можаце пра сябе сказаць, што вы гнуткі гаспадарнік, здольны прыстасавацца да каньюнктуры рынку?

— Я невялікі, і ў гэтым пэўныя плюсы. Бо я ведаю фэрмэраў вялікіх, што іх вельмі скоўвае. У нас ужо ёсьць фэрмэрскія гаспадаркі як лятыфундыі — зь вялікай колькасьцю работнікаў і такой жа адказнасьцю. Перадусім адказнасьць за тое, што ўсё вырашчанае трэба прадаць. А з гэтым праблемы. У мяне пад Маладэчнам знаёмы фэрмэр, ён уключаны ў дзяржаўную праграму разьвіцьця агародніцтва. Дык ён залежны ад усіх і ўсяго. Летась, калі ў Маладэчне ладзіліся «Дажынкі», яго прымушалі прыводзіць да ладу калгасныя палеткі ўздоўж трасы. Едучы з Радашкавічаў на Маладэчна, можна было з шашы ўбачыць прыгожую капусту — вось гэта якраз фэрмэрская. Далі калгасную зямлю — толькі пасадзі ў гэтым годзе, вельмі трэба. Але потым, увосень, калі ён пачаў прыбіраць тую капусту, дык яе ніхто не прымае. А гэта дзясяткі тысяч тон капусты! Куды ты яе падзенеш — нікога ўжо і не хвалявала. Асобныя абураліся: маўляў, зіма наступае, а ў фэрмэра не сабраная капуста, не сабраныя буракі сталовыя. Прыяжджаў нават карэспандэнт, паказвалі па беларускіх навінах. А куды зьбіраць? Ён заключыў дамову зь дзяржаўнымі камбінатамі, якія забясьпечваюць увесь Менск, але тым ня трэба па такой цане, бо часам бясплатна людзі аддаюць. І вось паказвалі сюжэт пра такую нядбайнасьць. Дык ён потым уціхую тыя палі і заараў.

Таму, адрозна ад яго, я нават зараз, у такую пару, магу сабе дазволіць кудысьці зьезьдзіць на ровары. Я вось у сына ўзяў тры дні выходных, даехаў да Воршы, там сьпешыўся, перасеў на ровар, паехаў уніз да Горак, заехаў у Смаленшчыну і гэткім жа маршрутам вярнуўся. А вось такі буйны фэрмэр, у якога вісіць на плячох вялізная гаспадарка, пасадка, рэалізацыя, дык ён ні пра што такое ня можа нават і марыць. Я не зайздрошчу ні ім, ні іхнім грашам. Мне хапае, каб зімой зьезьдзіць некуды далей, за мяжу, у іншую краіну. Хапае і летам — якраз пляную праз пару тыдняў таксама на ровары паехаць.

— У Беларусі нярэдка наракаюць, што няма ў нас фэрмэрства, што яно не разьвіваецца...

— Ведаеце, няма ўжо, напэўна, людзей, якія хацелі б па-сапраўднаму стаць фэрмэрамі. Нават па сваёй акрузе гляджу, колькі ў нас урэшце атрымалася гэтых фэрмэраў, колькі не атрымалася. Некаторыя людзі зь лёгкасьцю гэтую зямлю па блаце бралі і з такой жа лёгкасьцю потым яе кідалі, аддавалі. Паглядзеў — ай, цяжка працаваць, лепей мэталашукальнік на плячо, пашукаю што-небудзь больш прыбытковае. Так адзін кінуў, другі кінуў, трэці кінуў. А новых людзей на іх месца няма. Дый некаторыя дылетанты суюцца: давай, маўляў, нешта незвычайнае вырошчваць. Я папярэджваю: глядзі сам, але толькі ўлічы — дзе ты потым усё гэта прадасі? Таму такіх новых людзей, якія хочуць гэтым сапраўды заняцца, асабіста я вельмі мала ведаю.

— Вось жа, з аднаго боку — ня ўмеюць, зь іншага — ня хочуць. Але няма такога, каб зусім не дазвалялі?

— Збольшага, сур’ёзных перашкодаў няма. Адзінае, што ў нас некаторыя хочуць абавязкова атрымаць зямлю ў Менскім раёне. Але гэта ўсё ж прысталічны раён, густанаселены, і атрымаць нешта тут аб’ектыўна праблематычна. Думаю, што мне зараз, магчыма, і не далі б гэтую зямлю. Але далей ад Менску даюць, ня бачу праблемаў. Так, напэўна, ёсьць месцы, дзе з розных прычынаў зямлю абмяжоўваюць. Але, я думаю, чым далей ад сталіцы, тым прасьцей справу пачаць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG