Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Любоў Кавалёва: «Я мушу зноў пісаць у КДБ»


Любоў Кавалёва
Любоў Кавалёва

Маці Ўладзіслава Кавалёва, расстралянага паводле абвінавачаньня ў арганізацыі выбуху ў мэтро, паўторна зьвярнулася да старшыні КДБ, каб ёй вярнулі турэмныя запісы сына. На свой мінулы зварот адказу яна так і не атрымала.

Любоў Кавалёва апавяла, што кіраўнік КДБ Вадзім Зайцаў на яе папярэднюю скаргу адказу не даслаў:

«Яшчэ два месяцы таму я зьвярнулася да старшыні КДБ са скаргай на супрацоўнікаў СІЗА КДБ, дзе падчас сьледзтва і суду ўтрымлівалі майго сына. У гэтай установе зьніклі запісы Ўладзіслава, якія ён вёў па справе выбуху ў мэтро 11 красавіка 2011 году. Пасьля выкананьня сьмяротнага прысуду мне даслалі сынавы рэчы, але жоўтая тэчка, дзе ён захоўваў тыя запісы, і якую насіў з сабой на судовыя пасяджэньні, вярнулася да мяне пустой. Я патрабую, каб мне вярнулі гэтыя запісы, але адказу мне няма. Адно што 19 чэрвеня да яе быў нейкі загадкавы тэлефонны званок: незнаёмая жанчына, не назваўшы ні імя, ні пасады, заявіла, што яна зь СІЗА КДБ, і што ўсе рэчы Ўладзіслава Кавалёва вярнулі сваякам».

Гэтае тэлефанаваньне спадарыня Кавалёва ня лічыць адказам на сваё пытаньне. Бо тэлефанаваў ёй невядома хто і адкуль, а яна чакае афіцыйнага пісьмовага дакумэнту пра лёс запісаў Уладзіслава:

«Па тэлефоне пасьведчаньне не ўбачыш! І ўвогуле на слова верыць тым, хто прадстаўляецца супрацоўнікам СІЗА КДБ, я не магу. Памятаю, як у мяне бралі харчовыя перадачы для Ўлада, і завяралі, што іх ужо перадалі... А пасьля выкананьня прысуду мне даслалі тыя ж прадукты ў непачатых упакоўках — значыць нават у гэтым падманулі! Таму я напісала паўторную скаргу — мне патрэбны грунтоўны пісьмовы адказ, куды падзеліся запісы. Гэта апошняя воля майго сына — каб я іх захавала, і я не хачу, каб вакол іх былі нейкія спэкуляцыі ці махінацыі!»

Запісы Ўладзіслава Кавалёва не ўваходзяць у пералік рэчавых доказаў па справе тэракту ў менскім мэтро, якія падлягаюць зьнішчэньню. І сам Уладзіслаў зьнішчыць іх таксама ня мог, б ў адным з апошніх лістоў прасіў маці, каб яна іх абавязкова захавала.

«Хачу патлумачыць, што я ніколі не спыняюся на паўдарогі, і ўсе справы даводжу да канца. Мяне не задавальняюць пустыя адпіскі, я зноў настойваю, каб мне далі адказ па сутнасьці», — піша Любоў Кавалёва старшыні КДБ Вадзіму Зайцаву.



17 сакавіка стала вядома, што расстралялі абодвух меркаваных выканаўцаў выбуху ў менскім мэтро — Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва.

14 сакавіка зьявілася афіцыйная інфармацыя, што Аляксандар Лукашэнка не памілаваў Уладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава.

30 лістапада 2011 году Вярхоўны суд Беларусі прызнаў Кавалёва вінаватым у саўдзеле ў тэрарызьме і прысудзіў яго да сьмяротнага пакараньня. 7 сьнежня асуджаны падаў прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі.

Дзьмітры Канавалаў, таксама асуджаны на сьмяротнае пакараньне паводле абвінавачаньня ў тэрарызьме па гэтай крымінальнай справе, прашэньне аб памілаваньні падаваць адмовіўся.

11 красавіка 2011 году на станцыі мэтро «Кастрычніцкая» спрацавала выбуховае прыстасаваньне. 11 чалавек загінулі на месцы, яшчэ чацьвёра памерлі ў шпіталях. Агулам пацярпела больш за 300 чалавек.

Міжнародныя грамадзкія і праваабарончыя арганізацыі заклікалі не караць Кавалёва і Канавалава сьмерцю, а таксама правесьці новае расьсьледаваньне акалічнасьцяў выбуху ў менскім мэтро.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG