Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Яраслава Берніковіча не прынялі дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы


Яраслаў Берніковіч

Яраслаў Берніковіч

Ён зьвярнуўся ў акруговую камісію Наваполацкай выбарчай акругі № 25, каб падаць дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы для збору подпісаў за сваё вылучэньне на кандыдата ў дэпутаты парлямэнту. Але высветлілася, што камісія яшчэ ня мае журналу для рэгістрацыі такіх дакумэнтаў.

Глыбоцкі актывіст Яраслаў Берніковіч зьбіраецца вылучацца шляхам збору подпісаў. Таму ён зацікаўлены, каб ініцыятыўная група была зарэгістравана як мага раней:

«Падаваць дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы можна адразу, як толькі сфармавалася акруговая камісія. На працягу пяці дзен пасьля таго, як як патэнцыйны кандыдат падаў заяву на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы, камісія мусіць прыняць рашэньне наконт рэгістрацыі. Але сёньня дзяжурны сябар камісіі Наваполацкай выбарчай акругі № 25 Мікалай Рыбакоў не прыняў у мяне дакумэнты. Ён сказаў, што ня мае нічога супраць, але — іх няма як зарэгістраваць. Такі журнал у Наваполацку яшчэ не завялі, і спадар Рыбакоў не ўзяў маіх дакумэнтаў пад сваю адказнасць. Я ведаю, што многія актывісты ў іншых рэгіёнах ужо здалі дакумэнты, неабходныя для рэгістрацыі ініцыятыўных групаў, і без аніякіх праблем».

Згодна з графікам выбарчай кампаніі, вылучэнне кандыдатаў пачынаецца з 15 ліпеня і працягнецца да 13 жніўня. Але ж тым, хто збіраецца балатавацца шляхам збору подпісаў, спачатку трэба зарэгістраваць ініцыятыўную групу. Сьпісы ініцыятыўных групаў мусяць быць пададзеныя ў камісіі не пазьней як да 19 ліпеня. Таму Яраслаў Берніковіч лічыць, што праз непасьпешлівасьць акруговай камісіі ён апынуўся ў горшым становішчы за тых, хто ўжо падаў дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы: ім могуць выдаць пасьведчаннні раней, і яны раней распачнуць збор подпісаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG