Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні страйкавалі рабочыя «Гроднажылбуду»


13 ліпеня страйкавалі рабочыя, якія працуюць на прадпрыемстве «Гроднажылбуд». Яны незадаволеныя нізкімі заробкамі. Кіраўніцтва прадпрыемства паабяцала павысіць аплату.

За сытуацыяй у будаўнічай галіне Горадні назірае ўдзельнік незалежнага прафсаюзнага руху Анатоль Хацько. Ён кажа, што да яго зьвярталіся рабочыя «Гроднажылбуду», якіх не задавальняў заробак на будоўлі. Аднак іх не адпускалі з працы, паколькі ўсе маюць кантракты.

Хацько: «А заключыўшы кантракт, ты ня можаш скасаваць, ты ж у рабстве ў аднабаковым парадку. Таму шукалі розныя варыянты. Многія ішлі на прагулы і зьяжджалі». Мэта — праца па спэцыяльнасьці. Тынкоўшчык-аддзелачнік у Расеі можа зарабіць да дзьвюх з паловай-трох тысяч даляраў, кажа Анатоль Хацько.

У Горадні сёньня страйкавалі рабочыя, якія працуюць на прадпрыемстве ў цэхах.

Хацько: «Яны выпускаюць тое, з чаго будуюць дамы. „Жылбуд“ будуе звычайна панэльныя дамы. Калі яны называюць заробкі да двух мільёнаў рублёў, хутчэй за ўсё, там, як і паўсюль, трымалі нізкія стаўкі і аклады, а давалі прэміяльныя. Цяпер аб’ёмы ўпалі. За што прэміяваць? Рэжуць прэміі. Цяпер яны пачалі рэальна будаваць, колькі яны могуць, а вытворчасьць — выпускаць столькі, колькі рэальна павінны — па нормах. Адразу ўпалі заробкі».

Анатоль Хацько кажа пра тых, хто наважыўся страйкаваць: «Людзі пачынаюць разумець: а што будзе восеньню? У іх жа цяпер самы пік працы і заробкаў павінен быць».
XS
SM
MD
LG