Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкая кампанія «Гавары праўду» прапануе сябрам выбарчых камісіяў падпісаць сымбалічную грамадзянскую дамову.

Андрэй Дзьмітрыеў, намесьнік кіраўніка «ГП»:

«Гэта сымбалічная дамова. Грамадзянская дамова – гэта асноўная ідэалёгія кампаніі «Гавары праўду». Зараз мы падпісваем яе ў «акругах». Мы кажам сябрам выбарчых камісій: вы таксама зьяўляецеся прадстаўнікамі людзей і закону, і вы павінныя выконваць гэты закон».

«ГП» таксама прапануе сябрам акруговым камісіяў паведамляць пра факты ціску на іх і пра парушэньні выбарчага працэсу. Паведамляць пра гэта можна будзе ананімна.

Дзьмітрыеў: «Мы зробім рассылку сярод чальцоў камісіяў з тэлефонамі і адрасамі, куды яны могуць паведамляць пра парушэньні. Найлепшая дапамога ў гэтым выпадку – гэта публічнасьць і празрыстасьць. Як паказвае практыка, улада ўсё адно баіцца розгаласу. Гэта самае першае, што мы будзем рабіць. Чалавеку, які ўнутры сыстэмы, складана абвясьціць пра факты парушэньняў. А мы гатовыя пра гэта распавесьці».

«ГП» плянуе высунуць 27 кандыдатаў на ўдзел у парлямэнцкіх выбарах. Паводле Андрэя Дзьмітрыева, гэта вельмі розныя людзі, большасьць зь іх – з рэгіёнаў. Адзін з кандыдатаў ад «ГП» Ігар Драко сёньня зарэгістраваў сьпіс сваёй ініцыятыўнай групы ў акруговай камісіі. У ягонай групе 66 чалавек.

Неабходнасьць грамадзянскай дамовы Ігар Драко тлумачыць наступным чынам:

«Сябры выбарчай камісіі таксама ж могуць быць маімі выбарцамі. А калі я стану дэпутатам, дык я павінен выконваць тое, што яны мне «наказалі». Я ім нагадваю, што яны мусяць строга трымацца выбарчага заканадаўства РБ, каб пасьля ніхто не казаў, што ў нас у выбарчых камісіях «малююць» вынікі. Я пагаварыў з намесьніцай акруговай камісіі, аддаў ёй грамадзянскую дамову. Сказаў, што ў вас наперадзе цяжкая праца і калі на вас будзе ціск, зьвяртайцеся да нас, мы будзем даваць інфармацыю ў СМІ і будзем аказваць вам юрыдычную дапамогу».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG