Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Набор у ВНУ скарачаецца амаль на 14%


Намесьнік міністра адукацыі Аляксандар Жук.

Намесьнік міністра адукацыі Аляксандар Жук.

Сёлета ў ВНУ будзе прынята 91 тысяча студэнтаў — на 14 тысяч менш, чым летась, у тым ліку на бюджэтную форму навучаньня ў ВНУ — на пяць з паловай тысяч менш.

Прахадныя балы прагназуюцца вышэйшыя, чым летась. Але агульныя вынікі цэнтралізаванага тэставаньня сёлета лепшыя: больш стала абітурыентаў, якія набралі максымальныя 100 балаў. Пра гэта распавялі чыноўнікі Міністэрства адукацыі на прэсавай канфэрэнцыі.

Падведзены вынікі цэнтралізаванага тэставаньня. Па матэматыцы 11 тысяч чалавек не набралі мінімальна неабходных для паступленьня ў ВНУ 7 балаў (гэта 11%), па фізыцы — амаль 4 тысячы (больш за 9%). 796 чалавек ня здолелі рашыць наагул ніводнай задачы па матэматыцы і атрымалі 0 балаў, 41 атрымаў 0 па фізыцы.

Гэтыя лічбы чамусьці не былі агучаныя на прэсавай канфэрэнцыі па выніках ЦТ. Але ў першага намесьніка міністра адукацыі Аляксандра Жука яны асаблівай трывогі ня выклікалі:

«Што тычыцца 0 балаў — гэта ў межах статыстычнай хібнасьці, менш за 1–2% па ўсіх дысцыплінах. Што тычыцца прахаднога бала, мы чакаем, што ён можа быць крыху вышэйшы, чым летась».

Выкладчыкі ВНУ, кажучы пра ўзровень школьнай падрыхтоўкі, не падзяляюць аптымізму чыноўнікаў Мінадукацыі. Дацэнт Унівэрсытэту культуры, выкладчык гісторыі Алег Трусаў выказаў такое меркаваньне:
Савецкая школа давала ў дзесяць разоў лепшую адукацыю.

«Зараз назіраецца ну проста школьная катастрофа! З кожным годам узровень школьнай падрыхтоўкі проста катастрафічна падае. Савецкая школа давала ў дзесяць разоў лепшую адукацыю».

Намесьнік дэкана фізычнага факультэту аднае з ВНУ таксама канстатуе:

«Школьная падрыхтоўка значна слабейшая стала. Арганізуем на малодшых курсах падрыхтоўчыя ўводныя заняткі, факультатыўныя курсы, дадатковыя заняткі для слабых».

Заўважым, што яшчэ ў 2008 годзе ніжэйшы парог для паступленьня ў ВНУ быў 20 балаў, сёлета — 7 балаў. Але, кажа спадар Жук:

«Верагодна, з наступнага году ніжняя плянка прахаднога бала можа быць павышаная — да 10, а магчыма, і болей балаў».

Летась на прэстыжную спэцыяльнасьць «Міжнародныя адносіны» прахадны бал дасягнуў 369 з 400 магчымых. Але на некаторыя спэцыяльнасьці наагул не было конкурсу. Каб паступіць на бюджэт у Беларускі тэхналягічны і аграрна-тэхнічны ўнівэрсытэты БАТУ, хапіла і 100 балаў. На матэматычны факультэт сталічнага Пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Танка прымалі са 122 баламі, на расейскую мову — са 134 баламі. Праўда, як сьцьвярджае намесьнік дэкана аднаго з факультэтаў...

«У Пэдагагічным унівэрсытэце зь першага курсу ледзьве ня чвэрць адлічылі па дакладных навуках. Вядома, ідзе потым адлічэньне. Але гэта добра: ня цягне чалавек — няхай ідзе на іншыя спэцыяльнасьці. І ў ПТВ патрэбныя людзі».
У нас сёньня да 15 тысяч студэнтаў штогод адлічаюцца.

Што потым ідзе вялікі адсеў з ВНУ, пагаджаецца і першы намесьнік міністра адукацыі Аляксандар Жук:

«У нас сёньня да 15 тысяч студэнтаў штогод адлічаюцца. І гэта ня толькі на тэхнічных факультэтах, але і на гуманітарных — працэнт адсеву дастаткова высокі».

На пытаньне Радыё Свабода, ці не плянуе Міністэрства адукацыі ўсталяваць вышэйшы парог для паступленьня, да прыкладу, на пэдагагічныя спэцыяльнасьці, каб потым менш адсейвалася, намесьнік міністра адукацыі спадар Жук адказаў так:

«Што тычыцца ўсталяваньня нейкіх дадатковых парогаў прахадных балаў на нейкія спэцыяльнасьці, то мы гэтага не плянуем. Што тычыцца асобных спэцыяльнасьцяў, то гэта залежыць ад іх прэстыжнасьці. Але мы робім захады па падтрымцы пэдагагічных працаўнікоў на ўзроўні дзяржавы шляхам павышэньня ім заработнай платы, усталяваньня надбавак за кваліфікацыйныя катэгорыі».
Мы плянуем сёлета прыняць на 14 тысяч менш студэнтаў, чым летась.

Існуе вялікая розьніца і ў прахадных балах на бюджэтную форму навучаньня і на платную. На перакладчыцкім факультэце Лінгвістычнага ўнівэрсытэту, да прыкладу, на бюджэт трэба было набраць 340 балаў, на платнае — 140. Аляксандар Жук кажа, што тэндэнцыя захаваецца:

«Мы прагназуем, што тыя, хто стане студэнтамі бюджэтнай дзённай формы навучаньня, будуць мець балы ў два разы вышэйшыя, чым тыя, хто трапіць на платную форму».

І яшчэ адна тэндэнцыя: штогод скарачаецца набор студэнтаў, асабліва на бюджэтную форму, паведаміў Аляксандар Жук:

«Мы плянуем сёлета прыняць на 14 тысяч менш студэнтаў, чым летась — гэта 91,5 тысяч, зьніжаючы пры гэтым прыём і на дзённую форму — амаль на 5,5 тысяч. У цэлым на дзённую бюджэтную форму навучаньня ў ВНУ будзе прынята 24,4 тысячы абітурыентаў».

А вось распараджэньне Мінадукацыі пра зьмяншэньне набору на юрыдычныя і эканамічныя спэцыяльнасьці выконваецца такім чынам. На юрфак БДУ сёлета на бюджэт будзе залічана 133 студэнты (летась было 150), а на платнае — 215 (летась 190). Калі падсумаваць, то ў 2011 годзе было прынята 340 студэнтаў, а сёлета плянуецца прыняць 349.
XS
SM
MD
LG