Лінкі ўнівэрсальнага доступу

12 ліпеня смалявіцкія ўлады адмовілі ініцыятыўнай групе грамадзянаў у правядзеньні мясцовага рэфэрэндуму адносна мэтазгоднасьці будаўніцтва кітайскага індустрыяльнага парку на землях, якія суседнічаюць з трыма дзясяткамі тутэйшых вёсак і дачных таварыстваў.

Сёньня стала вядома, што жыхары й дачнікі ня маюць намеру спыняць пратэст і працягваюць барацьбу за свае правы.

Актыўная ўдзельніца смалявіцкага пратэсту Валянціна Каляка заявіла «Свабодзе» пра сваё рашэньне ўдзельнічаць у маючых адбыцца выбарах 23 верасьня. Пра матывы свайго магчымага вылучэньня Валянціна Каляка кажа:

«Чаму я іду на выбары? Бо нічога для нас так і ня ясна ў далейшым лёсе як маёмасьці, так і людзей. Таму што ўсю дачную прастору, што мы стварылі ўласнымі рукамі, улады гатовыя падараваць кітайскаму індустрыяльнаму парку. Таму зараз трэба дапамагчы людзям, бо да каго яны ні зьвяртаюцца, нідзе іх ня хочуць слухаць».
Зараз трэба дапамагчы людзям, бо да каго яны ні зьвяртаюцца, нідзе іх ня хочуць слухаць.

Валянціна Каляка нагадвае пра нядаўні зварот да намесьніка прэм’ер-міністра Анатоля Тозіка:

«Анатоль Тозік нас праігнараваў. Нам даслалі адказ, што, маўляў, вывучайце дзяржаўныя СМІ і будзьце здаровыя!»

Многія мясцовыя людзі лічаць спадарыню Валянціну сваёй заступніцай. Да прыкладу, Вікторыя Равінская выказвае наступныя спадзяваньні:

«Вядома, вельмі хацелася б, каб Валянціна Каляка перамагла. У такім разе яна паспрабавала б рэальна дапамагчы людзям. Напэўна, у яе было б больш для гэтага магчымасьцяў...»

Карэспандэнт: «А якіх перашкодаў на гэтым шляху можна чакаць з боку ўлады?»

«А вы ня думалі пра тое, што яе могуць не зарэгістраваць у якасьці кандыдата? Бо зараз для ўлады ўсё зразумела. І зараз старшыня Смалявіцкага райвыканкаму Міхаіл Загорцаў усюды расказвае, што кітайскі парк — гэта здорава. Калі верыць гэтаму чыноўніку, то ўсе мясцовыя людзі нібыта рады прыходу да іх кітайцаў. Так што зноў выяўляецца крывадушнасьць чыноўнікаў...»
Калі верыць гэтаму чыноўніку, то ўсе мясцовыя людзі нібыта рады прыходу да іх кітайцаў.

Паводле ранейшай дамоўленасьці, інфармацыйную й юрыдычную дапамогу дачнікам й жыхарам Смалявіцкага раёну забясьпечвае грамадзянская кампанія «Гавары праўду». Цяперашнюю сытуацыю тлумачыць актывіст кампаніі Міхаіл Пашкевіч:

«Падрыхтоўка да рэфэрэндуму — гэта быў адзін зь першых крокаў, які мы зрабілі, не чакаючы надыходу выбарчай кампаніі. Нам адмовілі ў тым, каб правесьці рэфэрэндум. Але затое мы цяпер дакладна ведаем, што першая прычына — выключна палітычная.

Улады лічаць будучы парк аб’ектам рэспубліканскага значэньня і таму прымаць канкрэтныя рашэньні на мясцовым узроўні не жадаюць. У такім разе ў Валянціны Калякі ёсьць дадатковы аргумэнт, што мясцовыя ўлады не гатовыя ў прынцыпе да абмеркаваньня праблемы.

Я асабіста, да прыкладу, вельмі спадзяюся, што ва ўлады хопіць розуму й цярплівасьці зарэгістраваць Валянціну Каляку ў якасьці кандыдата ў дэпутаты. У такім разе яна б магла абмяркоўваць і весьці дыскусіі як з чынавенствам, так і зь мясцовымі грамадзянамі па гэтых пытаньнях цягам двух бліжэйшых месяцаў.

Таму калі раней мы плянавалі рэфэрэндум, то зараз гэта будзе працягвацца праз выбарчую кампанію. І галоўнае для нас — гэта грамадзкі розгалас, грамадзкае абмеркаваньне».

5 чэрвеня 2012 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 253, паводле якога ў Смалявіцкім раёне на Меншчыне на плошчы 8048 гектараў плянуецца стварыць кітайска-беларускі індустрыяльны парк. Прыблізны кошт інвэстыцыйнага праекту — 30 мільярдаў даляраў.

Мяркуецца, што гэта будзе адмысловая эканамічная зона са спэцыяльным прававым рэжымам на 50 гадоў. Прыярытэтныя накірункі разьвіцьця — электроніка, біямэдыцына, тонкая хімія й машынабудаваньне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG