Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці даруе Лукашэнка падначаленым швэдзкі самалёт?


Беларускія ўлады праз афіцыйную прапаганду настойліва пераконваюць, што ніякага парушэньня паветранай прасторы 4 ліпеня швэдзкім самалётам не было.

Грунтуюцца найперш на тым, што радары супрацьпаветранай абароны не пэленгавалі падазроны аб’ект, а таму ніякага палёту нібыта і не было. Тым часам арганізатар нашумелай акцыі — кіраўнік стакгольмскага агенцтва «Total Studio» Пэр Кромвэл — накіраваў Радыё Свабода паўтарагадзінную відэасправаздачу пра палёт. На ёй, сярод іншага, адлюстраваны момант, калі самалёт з цацачнымі мядзьведзікамі на борце перасякае беларускую дзяржаўную мяжу.

На сёньняшняй онлайн-канфэрэнцыі з чытачамі «Свабоды» Пэр Кромвэл падрабязна расказаў, як экіпаж маленькага швэдзкага самалёта трапіў на літоўскае лётнішча Пачунай, у якім пункце адбылося перасячэньне беларускай мяжы, якім рэйсам прыляцелі ў Менск памочнікі, якія забясьпечвалі наземную падтрымку плюшаваму рэйсу, пра тое, якім чынам у салён зьмясьцілася 800 запакаваных цацак. На выкладзеным відэа нават бачна ягонае белае аўто на паркоўцы ля Івянецкай царквы, зь якога ён здымае дэсантаваньне мядзьведзікаў з улёткамі ў абарону свабоды слова ў Беларусі.

Але афіцыйныя ўлады ўпарта адмаўляюцца прызнаваць, што расхвалены «антынатаўскі шчыт» выявіўся дзіравым. Так, штатны афіцыйны ідэоляг Вадзім Гігін абвінавачвае ў хлусьні і швэдзкія выданьні, якія першымі паведамілі пра адчайны ўчынак сваіх землякоў, і беларускія мэдыі, якія знайшлі пацьвярдэньне таму, што «мядзьведжы дэсант» сапраўды меў месца.. Гігін лічыць, што відэа складаецца з мантажу і склеек, паказаньні сьведак блытаныя і непраўдзівыя, а знойдзеныя на зямлі цацачныя мядзьведзі — поўная містыфікацыя.

Зададзенай лініі на «грубую фальшыўку, скляпаную заходнімі спэцслужбамі», вось ужо больш за тыдзень трымаюцца і сілавыя структуры. Аргумэнт усё той жа: прыборы сачэньня самалёт-шпіён не фіксавалі, факту парушэньня паветранай прасторы няма. Вось што мяркуе колішні ваенны карэспандэнт «Авіяцыйнай газэты» ў Групе савецкіх войскаў у Нямеччыне Васіль Зданюк:

«Міністэрства абароны вельмі безапэляцыйна і вельмі легкадумна ўзяло на сябе
рэакцыя будзе сур’ёзная. Пакуль у яго папросту няма вынікаў, каб адразу ўсё раскруціць на поўную катушку, як ён гэта ўмее эмацыйна ...

адмаўляльную функцыю. Заявілі, што наяўныя матэрыялы — гэта ўсё фаташоп, мантаж і г.д. Далейшыя шляхі, зыходзячы з гэтага, як бы ўжо і адрэзаныя. Але выявілася, што ўсё выглядае крыху ня так. Да таго ж, як я разумею, адразу дайшло да Вярхоўнага галоўнакамандуючага, які сказаў разабрацца, і вось цяпер разьбіраюцца. То бок патрэбны час на выяўленьне — хто, дзе і як такое дапусьціў. І рэакцыя, мне падаецца, будзе сур’ёзная. Пакуль у яго папросту няма вынікаў, каб адразу ўсё раскруціць на поўную катушку, як ён гэта ўмее эмацыйна. Вядома, тут яшчэ ёсьць і расейскі складнік — таксама ня хочацца дачасна сябе прызнаваць вінаватым, вымазвацца ў гэтай ганьбе. Сытуацыя вельмі пікантная: калі нічога не прызнаваць і па-ранейшаму ўсё адмаўляць, то, значыць, нічога не было, няма каго і караць. Тады ўсе застануцца на сваіх месцах. Але ж гэта можа паўтарыцца. Таму ня думаю, што ў характары цяперашняй улады, у характары Лукашэнкі дараваць такія ляпы, калі ўрэшце гэта пацьвердзіцца».

Чаму маўчаць ваенныя саюзнікі Беларусі? Чаму Масква не заклапочаная тым, што адзіная сыстэма супрацьпаветранай абароны, якую беларускія ўлады на ўсіх узроўнях прыводзяць за ўзор, выявілася дзіравай? Чаму ня ставяць пад сумнеў заявы вайсковых чыноў пра тое, што гісторыя з «уяўным самалётам» — усяго толькі сплянаваная правакацыя Захаду супраць Беларусі? Расейскі ваенны аналітык Аркадзь Бабчанка лічыць, што справа ў падабенстве палітычных рэжымаў, якія будуць да апошняга пакрываць адзін аднаго:

«Ну вядома, фальшыўка, хто б сумняваўся. Паводле іхняй лёгікі, гэта ўсё зьнята
мы разам аб’яднаемся і будзем змагацца супраць гэтых праклятых варагоў, якія нас акружылі і прылятаюць сюды на сваіх самалётах, скідваюць на нас плюшавых медзьведзянятаў ...

на падпольных кансьпіралягічных кватэрах у Дзярждэпе і разьмешчана на кантраляваных амэрыканцамі сэрвэрах YouTube. А таму ўвогуле няпраўда і нічога такога не было. Безумоўна, улады хочуць прадэманстраваць, што гэта яны абсалютна маюць рацыю, бо ўсё гэта прыдумкі ворагаў, праплочаныя асабіста Хілары Клінтан. А яшчэ, відавочна, Польшча плаціць ды Літва — мяркуючы па затрыманых напярэдадні літоўскіх шпіёнах. Поўны абсурд, іншых слоў няма. У вас — свае ворагі, у нас — свае. І вось мы разам аб’яднаемся і будзем змагацца супраць гэтых праклятых варагоў, якія нас акружылі і прылятаюць сюды на сваіх самалётах, скідваюць на нас плюшавых медзьведзянятаў. Яшчэ раз кажу — проста абсурд. Апроч як са сьмехам ці з гістэрыкай інакш пра гэта ўсё разважаць папросту немагчыма».

Вайсковы экспэрт Васіль Зданюк лічыць, што кіраўніцтву Беларусі ў такой далікатнай сытуацыі трэба было б абраць прынцыпова іншую стратэгію паводзінаў — не заганяць сябе ў тупік беспадстаўнымі заявамі, а перакласьці адказнасьць на парушальнікаў дзяржаўнай мяжы. Гэта месьцілася б прынамсі ў рамках прававога поля і часткова здымала б адказнасьць за інцыдэнт:

«Мяркую, што самым разумным крокам уладаў у такой сытуацыі было б прызнаньне факту парушэньня мяжы і патрабаваньне прыцягнуць да адказнасьці гэтых швэдзкіх хлопцаў. У прынцыпе, гэта было б граматна юрыдычна і абсалютна нармальна павернута — пакараць вінаватых. Імідж, вядома, пры гэтым пацярпеў бы, бо абарона аказалася не на самым высокім узроўні. Але, па вялікім рахунку, такі ход, напэўна, быў бы лягічны. Хачу заўважыць, што цяпер яны так катэгарычна ўсё ж не сьцьвярджаюць — пра фальшыўку і г.д. Зараз кажуць, што „сыстэмы нічога не зафіксавалі“. Той жа камандуючы войскамі супрацьпаветранай абароны Пахмелкін заявіў: маўляў, нашы сродкі не зафіксавалі, але гэта ня значыць, што нічога не было. І яны зараз разьбіраюцца. Не сакрэт, што цяпер усюды ідуць праверкі, па ўсіх частках, і я думаю, што там вялікія аргвысновы будуць зробленыя. Ну, а тут, вядома, у вялікім замяшаньні наш „вярхоўны“. Бо што рабіць, калі такая дзірка ў сыстэме супрацьпаветранай абароны ўтварылася? Тым больш ня толькі ў беларускай, а ў адзінай, калектыўнай сыстэме!»

Тым часам Міністэрства абароны заявіла, што ня мае намеру камэнтаваць поўную вэрсію авіяпадарожжа ў Беларусь швэдзкага самалёта з цацачным дэсантам на борце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG