Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: пасьля пратэстаў жыхароў скасавалі будаўніцтва аптэкі


Берасьцейскі аблвыканкам прыняў рашэньне спыніць будаўніцтва аптэкі на вуліцы Суворава ў абласным цэнтры пасьля пратэсту мясцовых жыхароў.

Ля месца, дзе інвэстар меркаваў будаваць аптэку, цягам амаль месяца адбываліся мітынгі, на агароджы будоўлі зьяўляліся плякаты з патрабаваньнямі спыніць узьвядзеньне аптэкі.

Да людзей прыяжджалі старшыня аблвыканкаму Канстанцін Сумар, іншыя чыноўнікі і дэпутаты. Спачатку жыхарам пагражалі, што будоўля будзе ісьці пад наглядам міліцыі. Аднак у выніку кіраўнік аблвыканкаму паабяцаў паспрыяць разьвязаньню праблемы на карысьць людзей.

Жыхары дамоў паблізу меркаванай будоўлі аргумэнтавалі свой пратэст тым, што побач ёсьць яшчэ тры аптэкі. Яны непакоіліся, што аптэка будзе загароджваць праезд у двор, дзе гуляюць дзеці, што можа стаць прычынай ДТЗ.

Фёдар Петрусевіч, які ачольваў пратэст жыхароў, настойваў, што ў адпаведнасьці з заканадаўствам будоўля весьціся ня можа, пакуль не разьвяжацца спрэчнае зямельнае пытаньне.

Цяпер будоўлю вырашана спыніць. Інвэстару выдзеляць зямлю ў іншым месцы.

Кіраўніца Берасьцейскага прафсаюзу РЭП Зінаіда Міхнюк, якая жыве побач, кажа: гэты пратэст паказаў, што чыноўнікам трэба лічыцца зь меркаваньнем людзей.

"Жыхары гэтага мікрараёну паказалі, што вакол лякальнай праблемы можна хутка аб’яднацца. У людзей хацелі адабраць плошчу, дзе можна было пагуляць зь дзіцём, падыхаць паветрам. Аднак мы не пусьцілі будаўнікоў, мы сказалі прарабу, каб выклікалі на нас міліцыю, бо будаваць не дамо. Супраць людзей у гэтым выпадку ўлады проста пайсьці не змаглі".

Паводле спадарыні Міхнюк, такое нечаканае рашэньне на карысьць жыхароў зьвязанае з блізкімі парлямэнцкімі выбарамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG