Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Карзай раіць лідэру талібаў балятавацца на прэзыдэнта


Прэзыдэнт Аўганістану Хамід Карзай заклікаў лідэра талібаў мулу Мухамэда Амара адмовіцца ад узброенай барацьбы з аўганскім урадам і балятавацца на прэзыдэнта.

Выступаючы сёньня ў Кабуле перад журналістамі Карзай заявіў, што мула Амар можа стварыць сваю палітычную партыю, адкрыць свой офіс ва Аўганістане і ўдзельнічаць у выбарах.

Месцазнаходжаньне мулы Амара невядомае з 2001 году, калі сілы міжнароднай кааліцыі пад кіраўніцтвам ЗША зрынулі кіроўны тады ва Аўганістане рэжым Талібан.

Амар зьяўляецца адным з самых шуканых у сьвеце людзей — ЗША абяцаюць ўзнагароджаньне 10 мільёнаў даляраў за інфармацыю, якая можа прывесьці да яго арышту.

Карзай неаднаразова заклікаў мулу Амара і іншых ваеўнікоў скласьці зброю і далучыцца да мірнага працэсу.

Аднак талібы адхіляюць прапанову аўганскага прэзыдэнта, на пачатку гэтага году яны ў аднабаковым парадку спынілі распачатыя папярэднія перамовы з ЗША.
XS
SM
MD
LG