Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэр Кромвэл: Кантактаў зь беларускімі актывістамі не было


Пэр Кромвэл

Пэр Кромвэл

Швэдзкія арганізатары акцыі з выкідваньнем з самалёта над Беларусьсю плюшавых мішак кажуць, што не кантактавалі зь беларускімі актывістамі, перадае БелаПАН.

«Да акцыі мы ня мелі ніякіх кантактаў зь Беларусьсю», — заявіў заснавальнік швэдзкай піяр-кампаніі Studio Total Пэр Кромвэл падчас размовы па скайпе зь лідэрам маладзёжнага крыла кампаніі «Гавары праўду!» — «Zьмена» Паўлам Вінаградавым.

Зь зімы 2012 году «Zьмена» праводзіць розныя акцыі з удзелам цацак. За гэта актывісты кампаніі, у тым ліку Павал Вінаградаў, неаднаразова караліся адміністрацыйнымі арыштамі.

Як паведаміў Пэр Кромвэл, арганізатары акцыі з цацачнымі мядзьведзямі мелі на мэце прыцягнуць увагу да праблемаў парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, дзе ў турмах сядзяць палітзьняволеныя, а правы апазыцыі і СМІ парушаюцца:

«Мы былі вельмі зьдзіўленыя, што ў Беларусі могуць арыштаваць за простую акцыю з цацкамі. Калі саджаюць за цацкі, як жа жывуць людзі ў краіне? Рыхтуючыся да акцыі, мы былі натхнёныя дзеяньнямі дэмакратычных актывістаў у Беларусі».

4 ліпеня ў інтэрнэце зьявілася відэа, на якім невядомы самалёт кружыць над Івянцом, а з кабіны самалёта выкідваюць цацачных мядзьведзікаў. У той жа дзень сьведкі з Івянца пацьвердзілі, што бачылі як з самалёта «нешта выкідалі», а потым бачылі ў міліцыі лялечных мядзьведзікаў з плякацікамі на замежнай мове. Арганізатары акцыі ў інтэрнэце заявілі, што выявілі салідарнасьць з барацьбой актывістаў у Беларусі за свабоду слова. 5 ліпеня два жыхары менскага мікрараёну Сахарава паведамілі, што знайшлі на тэрыторыі раёну лялечных мядзьведзікаў з плякатамі.

Мінабароны Беларусі адмаўляе факт перасячэньня мяжы замежным самалётам 4 ліпеня і кажа пра правакацыю супраць краіны. Адмысловая камісія адміністрацыі прэзыдэнта вядзе праверку вайсковых частак, адказных за паветраную бясьпеку.
XS
SM
MD
LG