Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палажанка: Ніхто ня выказаў ні слова салідарнасьці з Дашкевічам


Наста Палажанка

Наста Палажанка

Намесьнік старшыні «Маладога фронту» Наста Палажанка зьвярнулася з адкрытым лістом да беларускіх апазыцыйных палітыкаў і простых грамадзянаў.

Наста Палажанка шчыра прызнаецца, што падставай да звароту стала адсутнасьць выразнай рэакцыі палітыкаў на зьвесткі пра тое, што Зьмітру Дашкевічу, якога трымаюць у глыбоцкай калёніі, пагражае падаўжэньне тэрміну зьняволеньня.

«Цяпер Зьмітру пагражае дадатковы год турмы. Камусьці гэты тэрмін можа падацца малым — маўляў, час ляціць так хутка!.. Узгадайце выцвілыя вочы, зьнясіленую постаць многіх тых, хто выйшаў з турмы праз год пасьля выбараў-2010 — нават год у зьняволеньні здольны зьнішчыць чалавека. Ды не дадуць Змітру новы тэрмін, не асьмеляцца — можаце сказаць вы. А чаму не дадуць? Ці нашыя ўлады ня здольныя катаваць людзей да бясконцасьці?

Калісьці мужны Мікіта Ліхавід адмовіўся падпарадкоўвацца ўсім турэмным патрабаваньням, ён праседзеў звыш 2,5 месяцаў у ШЫЗА. Зьміцер ужо адседзеў агулам год у ШЫЗА і камэры крытага тыпу. Можа, хопіць?»

Наста Палажанка заклікае палітыкаў, журналістаў і ўсіх неабыякавых людзей актывізаваць змаганьне за вызваленьне палітвязьняў, у тым ліку і Зьмітра Дашкевіча. Нявеста палітвязьня згадвае, што Зьміцер у турме абвясьціў, што ня будзе падпарадкоўвацца ўсім незаконным загадам адміністрацыі. Гэта азначае для яго новы ціск і правакацыі, мяркуе Наста Палажанка.

Старшыня «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч адбывае 2 гады зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў хуліганстве. Днямі зьявілася інфармацыя, што ў глыбоцкай калёніі вядзецца праверка, па выніках якой Зьмітру Дашкевічу могуць павялічыць тэрмін яшчэ на год за парушэньні турэмнага рэжыму.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG