Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі, сярэднямесячны налічаны заробак беларусаў па выніках першай паловы гэтага году склаў 3 мільёны 166 тысяч 200 рублёў (каля 400 даляраў). Сьцьвярджаецца, што рэальная зарплата павялічылася ў параўнаньні з такім жа пэрыядам мінулага году амаль на 4 працэнты. Аляксандар Лукашэнка ўжо некалькі разоў сёлета паўтараў, што пастаўлена задача — сярэдні заробак да канца гэтага году павінен скласьці 500 амэрыканскіх даляраў.

Карэспандэнты «Свабоды» ў рэгіёнах высьвятлялі, на якія рэальныя заробкі могуць разьлічваць тыя, хто шукае працу.


На Берасьцейшчыне з больш чым адной тысячы вакансіяў у рэгіянальным цэнтры занятасьці вельмі нямногія абяцаюць заробак у 400 даляраў. Нават сярод будаўнікоў мала хто на Берасьцейшчыне можа зарабіць столькі грошай. Выйсьце людзі бачаць у працы за мяжой.

Берасьцейскі цэнтар занятасьці 12 ліпеня прапаноўвае больш за тысячу вакансіяў толькі ў абласным цэнтры. Аднак заробак каля 400 даляраў тут абяцаюць мала каму. Нават 4 вакансіі дырэктара арганізацыі працы не аплочваюцца на ўзроўні 400 даляраў. Патэнцыйным дырэктарам прапануюць ад 1 да 3 мільёнаў.

Большасьць будаўнічых вакансіяў таксама не дацягваюць да 400 даляраў. Так, за 2–3 мільёны прапануюць працаваць берасьцейскім бэтоншчыкам.

Як кажа жыхар Кобрына Аляксандар Мех, нізкія заробкі прыводзяць да масавага ад’езду будаўнікоў на заробкі ў Расею:

«Шмат людзей зараз выехала на заробкі. Такога раней у Кобрыне ніколі не было. Кобрын даволі эканамічна разьвіты горад, але ж у гэтым годзе вельмі шмат людзей проста зьехала ў Расею на працу».

Жыхарка Берасьця Алена Андрушына кажа, што вельмі хвалюецца, што яе муж працуе на расейскіх будоўлях, але адгаварыць яго ня можа:
Я тут, напрыклад, зарабляю паўтара мільёна. А ён там — тысячу даляраў і больш.

«Ён шмат арганізацыяў зьмяніў тут, у Берасьці. І толькі адны абяцаньні. Таму ён паехаў у Маскву на заробкі. Я тут, напрыклад, зарабляю паўтара мільёна. А ён там — тысячу даляраў і больш. Ён кажа, што толькі так можа сям’ю ўтрымліваць і таму ня хоча працаваць у Берасьці».

Кіраўнік Свабоднага прафсаюзу Беларускага па Берасьцейшчыне Валянцін Лазарэнкаў кажа, што заявы пра такі высокі сярэдні заробак — гэта пустыя размовы:

«Калі браць будаўніцтва, то два гады таму яны мелі 600, нават 700 даляраў, а сёньня будаўнікі атрымліваюць 300. Калі браць машынабудаўнічы завод наш, дык там нават у ліцейных цэхах зарабляюць 2–2,5 мільёна».


Лічбу 400 даляраў — прыблізна гэтулькі афіцыйна складае сярэдні заробак у Беларусі — даволі рэдка можна пачуць з вуснаў працадаўцаў, калі ўладкоўваесься на працу на Гарадзеншчыне.

Якія заробкі прапаноўваюць на Гарадзеншчыне, я вырашыў даведацца праз рэклямную газэту. Рубрыка з вакансіямі займае некалькі старонак:



Якой працы й якіх заробкаў шукаеце? Адказваюць жыхары Горадні:




Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук кажа «што праблема становіцца рубам»:

Аляксандр Ярашук

Аляксандр Ярашук

«Яшчэ нядаўна ў Беларусі быў «мяккі» варыянт рэакцыі працоўных на эканамічную й сацыяльную сытуацыю. Але цэны штучна стрымліваць улады маглі толькі нейкі час. Цяпер жа растуць кошты на спажывецкім рынку, і таксама паслугі ЖКГ. Вядома, гэтая сытуацыя вымагае росту заробкаў. Акрамя таго, утварыўся вялікі разрыў у велічыні сумы заробкаў у Беларусі й Расеі, што справакавала працоўную міграцыю. Таму цяпер невыпадкова гучыць з самага высокага ўзроўню пра неадкладнасьць павелічэньня заробкаў да 500 даляраў.

Складанасьць сытуацыі ў тым, што эканоміка не працуе. А захадаў дзеля эканамічнай лібэралізацыі й мадэрнізацыі, што магло б прыцягнуць інвэстыцыі й сфармаваць якасна іншую эканоміку, ня робіцца. І таму, як мне падаецца, праблема заробкаў — гэта ня толькі эканамічная й сацыяльная праблема. Але я ня бачу выйсьця з гэтай праблемы, таму што крыніцаў, зь якіх можна падвышаць заробкі аж да 500 даляраў, акрамя дадатковай эмісіі, проста не існуе.
Эканоміка — самы сур’ёзны вораг цяперашняга рэжыму.

Цяжка рабіць прагнозы, бо, можа, неяк удасца выправіць сытуацыю. Але гэта будзе чарговым разам узятая некаторая паўза. Калі ня будзе рашэньня па эканамічнай лібэралізацыі, то і наўрад ці вось гэтыя ўсе задачы, маючы на ўвазе і падвышэньне заробкаў, будуць выкананыя... З другога боку, падвышэньне заробкаў зноў раскруціць інфляцыю.

Я гэта ўяўляю як палітычную пастку, у бок якой доўгі час кіраўніцтва краіны накіроўвалася і якая сёньня зрабілася праблемай нумар адзін.

У свой час былі страйкі ў Баранавічах і Барысаве, цяпер — у Бабруйску на заводзе трактарных дэталяў. Гэта ўсё сур’ёзныя сыгналы таго, што насамрэч палітычнае кіраўніцтва краіны ня можа адэкватна рэагаваць на выклікі часу, якія тычацца эканамічнай праблематыкі. Напэўна, эканоміка — самы сур’ёзны вораг цяперашняга рэжыму. Таму, пэўна, можам зрабіць выснову, што ў барацьбе з эканомікай палітычны рэжым цярпіць паразу».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG