Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На трактат Семяновіча сабрана 300 эўра з патрэбных 15 тысяч


Дырэктар музэю гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў.

Дырэктар музэю гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў.

Абвешчаны музэем гісторыі Магілёва дабрачынны збор сродкаў на выкуп рарытэтнага трактату Казіміра Семяновіча «Вялікае мастацтва артылерыі» ідзе не такімі шпаркімі тэмпамі, як было ў нядаўнім выпадку са «Статутам Вялікага Княства Літоўскага».

Праўда, калі тым разам ужо не маглі трываць тэрміны, то цяпер прадавец згодны пачакаць з аплатай да канца лета. Як стала вядома, на гэты момант сабрана ўсяго крыху болей за 3 мільёны рублёў — амаль у 50 разоў меней, чым патрабуецца.

Як распавёў дырэктар магілёўскага музэю Аляксей Бацюкоў, у чэрвені адміністрацыя зьвярнулася па падтрымку да арганізацыяў, прадпрыемстваў абласнога цэнтру і бізнэсоўцаў. Прасіць грошы ў шараговых людзей гэтым разам ня будуць — калі тыя самі не захочуць паспрыяць:

«Кніга ацэненая прадаўцом у 15 тысяч эўра. Мы навялі даведкі і на гэты момант ведаем, што ў сьвеце такіх кніг засталося ўсяго 27 асобнікаў. Прычым у ХХІ стагодзьдзі былі зробленыя толькі дзьве пакупкі — амэрыканская Мічыганская бібліятэка падобную кнігу набыла за 10 тысяч даляраў, але там экзэмпляр, які вельмі моцна пацярпеў. То бок — мала карцінак, мала тэксту, адным словам, асобнік ня поўны. Гэтаксама літоўскі Тракайскі музэй набыў такую ж кнігу, па-мойму, у 2009 годзе за 64 тысячы літаў, што складае прыблізна тыя ж 15 тысяч эўра».

На пачатку чэрвеня музэю гісторыі Магілёва з дапамогай народнай і спонсарскай падтрымкі ўжо ўдалося выкупіць іншае рарытэтнае выданьне — «Статут Вялікага Княства Літоўскага» 1588 году. Правобраз Канстытуцыі быў ацэнены маскоўскім калекцыянэрам у 45 тысяч даляраў. Асноўную частку сродкаў знайшла група кампаніяў «Альпары».

Чарговы аўкцыённы лот таньнейшы, але зьменшыўся і спонсарскі імпэт.

У трактаце Казіміра Семяновіча 1651 году «Вялікае мастацтва артылерыі» апісаныя канструкцыі гарматаў і ракетаў зь іх навуковай тыпалягізацыяй, тэхналёгія вырабу пораху, вызначаная і абгрунтаваная ідэя шматступеннай ракеты. У свой час праца была перакладзеная на асноўныя эўрапейскія мовы і цягам двух стагодзьдзяў заставалася адным з галоўных навуковых дапаможнікаў па артылерыі.
XS
SM
MD
LG