Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар ЗША ў АБСЭ: Без Карняенкі ня будзем удзельнічаць


Амбасадар ЗША ў АБСЭ Іэн Келі выступіў 12 ліпеня на пасяджэньні Сталай рады ў Вене.

Амбасадар Келі адзначыў, што «Злучаныя Штаты па-ранейшаму глыбока занепакоеныя сур’ёзнымі парушэньнямі Беларусьсю сваіх абавязацельстваў АБСЭ ў галіне павагі правоў чалавека, асноўных свабодаў і вяршэнства закона».

Амбасадар згадаў затрыманьне журналіста Анджэя Пачобута, і адзначыў, што ягоны арышт па абвінавачваньні ў «паклёпе на прэзыдэнта» быў палітычна матываваным«.

пакуль спадару Карняенку будуць адмаўляць у яго праве на свабоду перамяшчэньня і ўдзел у нашай сустрэчы, ні я, ні мае старэйшыя супрацоўнікі ня будуць у ёй удзельнічаць

«Акрамя таго, мы нядаўна былі сьведкамі арышту, затрыманьня і вызваленьня журналіста Паўла Сьвярдлова з Эўрапейскага радыё для Беларусі, абвінавачанага ў „нецэнзурнай лаянцы“. Відавочна, што такія арышты і кароткатэрміновыя затрыманьні становіцца ўсё больш распаўсюджаным сродкам для падаўленьня іншадумства ў Беларусі», — адзначае амбасадар ЗША.

«Мы па-ранейшаму глыбока занепакоеныя станам палітвязьняў у Беларусі... Беларусь, якая ўжо ўвяла абмежаваньні на паездкі дзеячаў апазыцыі і актывістаў у галіне правоў чалавека, нядаўна зрабіла яшчэ адзін крок па абмежаваньні асноўнай свабоды перамяшчэньня — права пакідаць сваю краіну і вяртацца ў яе», заявіў Іэн Келі.

Ён выказаў глыбокую занепакоенасьць навіной, што зь Беларусі сёньня раніцай не выпусьцілі Віктара Карняенку, сустаршыню ініцыятывы «За справядлівыя выбары», які накіроўваўся на міжнародную канфэрэнцыю АБСЭ ў Вену.

«Злучаныя Штаты вымушаныя пратэставаць супраць гэтага чарговага ігнараваньня Беларусьсю асноўных свабодаў. У выніку гэтага, пакуль спадару Карняенку будуць адмаўляць у яго праве на свабоду перамяшчэньня і ўдзел у нашай сустрэчы, ні я, ні мае старэйшыя супрацоўнікі ня будуць у ёй удзельнічаць», заявіў амбасадар ЗША ў АБСЭ.

«Мы задаволены рашэньнем Рады ААН па правах чалавека прызначыць спэцыяльнага дакладчыка па Беларусі, якое Злучаныя Штаты актыўна падтрымалі... Мы зноў заклікаем Беларусь неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітвязьняў, забясьпечыць поўнае аднаўленьне іх палітычных і грамадзянскіх правоў і спыніць працяглы перасьлед палітычных актывістаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, змагароў за правы чалавека і незалежных журналістаў », паведамляе сайт Хартыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG