Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Горадня: экскурсія — вуліца чырвоных ліхтароў


«Вуліца чырвоных ліхтароў» — так называецца экскурсія, якую ўпершыню правяла ў Горадні Ганна Шарэнда, прадстаўніца турыстычнай фірмы «Mercana».

Гэта экскурсія па вуліцы Гараднічанскай, на якой захавалася гістарычная забудова.

Камэнтар загадчыка катэдры археалёгіі і этналёгіі Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы, доктара гістарычных навук Сяргея Піваварчыка:

«Тэма, безумоўна, цікавая, і яна павінна прыцягнуць, вядома, турыстаў у наш горад. І калі распрацоўваюцца маршруты менавіта для такіх мэтаў, экскурсаводы імкнуцца падаваць цікавую інфармацыю. Але калі ў турыстычных мэтах слова „магчыма“, такі склон можна ўжываць, усё ж такі для гісторыка павінны быць дакладна задакумэнтаваныя гэтыя зьвесткі. І калі сапраўды ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захаваліся дакумэнты, дзе канкрэтна расьпісана, і мы ведаем адрасы, прозьвішчы, нацыянальнасьць і нават веравызнаньне жанчын, якія займаліся прастытуцыяй, то, вядома, гаварыць пра іхніх кліентаў мы ня можам, таму што справа гэтая была інтымная. Пацьвердзіць дакумэнтальна гэта вельмі складана. Але для прыцягненьня турыстаў у наш горад — гэта вельмі цікавая тэма».

Адносна былога гатэлю «Раяль», дзе спыняліся нямецкі кайзэр Вільгельм і будучы амэрыканскі прэзыдэнт Эйзэнхаўэр, Піваварчык удакладняе:

«Заўсёды гатэлі прыцягвалі жанчын, якія займаліся такой справай. Ёсьць дакумэнтальныя сьведчаньні, што жанчыны тут працавалі. Але зноў жа: верагоднасьць таго, хто карыстаўся іхнімі паслугамі, гэта застаецца таямніцай. І наўрад ці мы сёньня дакладна даведаемся, карыстаўся Вільгельм ці Эйзэнхаўэр іхнімі паслугамі ці ў іх былі для гэтага свае жанчыны. Мы можам толькі гаварыць пра гэта як пра дапушчальнасьць».

Сяргей Піваварчык ведае адрасы прастытутак, якія працавалі ў Горадні сто гадоў таму:

«Я не спэцыяльна займаўся гэтай тэмай. Але калі я пісаў даведкі гістарычныя па аб’ектах, якія ставілі на рамонт або якія хтосьці купіць хацеў, я працаваў з такімі дакумэнтамі, інвэнтарнымі вопісамі, дзе дакладна зафіксаваны гаспадар будынка, жыхары і іхні занятак, чым яны займаюцца. Таму я ведаю гэтыя адрасы, прозьвішчы жанчын, у мяне гэта занатавана. Што датычыць губэрнскай Горадні, гэта можна высьветліць вельмі лёгка».
XS
SM
MD
LG