Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ўлады ня выпусьцілі ў Вену сустаршыню кампаніі «За справядлівыя выбары» Віктара Карняенку, які быў запрошаны на канфэрэнцыю АБСЭ па пытаньнях правядзеньня выбараў.

Затое неўязная на тэрыторыю Эўразьвязу старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына атрымала візу і патрапіла на гэтую канфэрэнцыю.

Віктар Карняенка спрабаваў вылецець сёньня ў Вену з аэрапорту «Менск-2». Ён атрымаў пасадачны талён, але беларускія памежнікі яго не пусьцілі і паставілі штамп у пашпарт, што яму адмоўлена ў выезьдзе. Беларускія ўлады раней уключылі Карняенку разам зь іншымі апазыцыйнымі палітыкамі ў сьпіс асобаў, якім абмежаваны выезд за мяжу. Аднак ён, атрымаўшы 11 ліпеня запрашэньне ад арганізатараў канфэрэнцыі, вырашыў ехаць у аэрапорт:

Віктар Карняенка

Віктар Карняенка

«Мне квіток даслалі зь Вены. Са мной жа ніхто не ўзгадняў. І я паехаў, спадзеючыся, што гэта важная канфэрэнцыя і што тут вядома будзе ўсім пра гэта, у тым ліку і памежнікам, і тым людзям, якія прымаюць рашэньні. У мяне выбару не было, бо я ня сам замаўляў свой маршрут».

Па вяртаньні з аэрапорту Карняенка паведаміў арганізатарам, што яго не пусьцілі на канфэрэнцыю. Што тычыцца забароны на выезд за мяжу, то скаргу на гэтае рашэньне суд Цэнтральнага раёну Менску будзе разглядаць 18 ліпеня. Палітык кажа, што скарга ў судзе ляжыць каля чатырох месяцаў.

«Яны ўвесь час дурня строілі. Ніколі нічога сур’ёзнага ні разу не адказалі. Ва ўпраўленьні ўнутраных спраў сказалі, што ў іх няма прэтэнзій, ёсьць у юстыцыі. Юстыцыя не па тэме і ні пра што напісала. А памежнікі наагул не адказалі. У судзе адказалі, што судзьдзя знаходзіцца ў адпачынку і яны робяць усё магчымае, каб разгледзець. Чым далей, тым складаней уладзе праводзіць выбары, таму трэба ўключаць дадатковыя мэханізмы. І гэта будзе, на жаль, працягвацца».

Затое бесьперашкодна трапіла на канфэрэнцыю АБСЭ ў Вену Лідзія Ярмошына.

Прадстаўнік АБСЭ Томас Райма пацьвердзіў "Cвабодзе", што Лідзія Ярмошына прыбыла ў Вену і ўдзельнічае у канфэрэнцыі АБСЭ па пытаньнях правядзеньня выбараў.

Пра яе ўдзел у канфэрэнцыі паведамляе сайт Цэнтравыбаркаму. Візу неўязной Ярмошынай, хутчэй за ўсё, выдала амбасада Нямеччыны ў Менску, хоць там не пацьвярджаюць гэтага. Як ставіцца Віктар Карняенка да ўдзелу Ярмошынай у канфэрэнцыі ў Вене?

«Неабачліва паступілі тыя палітыкі, якія лічаць, што яшчэ ёсьць нейкія спадзяваньні на тое, што гэтая каманда, якая робіць выбары ў Беларусі, можа наблізіцца да дэмакратычных стандартаў у галіне іх правядзеньня. Гэта марныя спадзяваньні. І таму лічу гэта памылкай».

Запрашэньне на канфэрэнцыю ў Вену атрымаў таксама старшыня БХК Алег Гулак, але вырашыў не рызыкаваць, бо ў яго таксама прызначаны суд па скарзе на забарону выезду за мяжу.Камэнтуючы сытуацыю ў аэрапорце і ператрус у доме Карняенкі, калі былі канфіскаваныя друкаваныя матэрыялы па выбарах, Гулак адзначыў:

Алег Гулак

Алег Гулак

«Не пусьцілі на канфэрэнцыю, бо забарона ёсьць. І можна толькі шкадаваць, што працягваюць гуляцца ў гэтыя гульні. А вобшукам — відаць, што спэцслужбы ня сьпяць. Відаць, іх занепакоіла колькасьць друкаваных матэрыялаў. Тут трэба абскарджваць дзеяньні. Хаця б падчас выбараў спэцслужбы павінны разумець, што трэба памятаць пра нейкія прыстойнасьці. Вядома, гэта ўсё сьведчыць не на карысьць свабоды выбарчага працэсу».

Сустаршыня кампаніі «За справядлівыя выбары» Сяргей Калякін адзначыў, што Карняенку наагул не выпускаюць з краіны за мяжу, а ня толькі на канфэрэнцыю АБСЭ ў Вену. Таксама палітык лічыць, што нічога не азначае тое, што Ярмошына паехала ў Вену, хоць інтрыга палягае ў тым, хто ёй выдаў візу:

Сяргей Калякін

Сяргей Калякін

«Няхай едзе і раскажа, як яна будзе праводзіць выбары ў Беларусі. Бо наш погляд на гэтую праблему будзе вядомы. Будуць і назіральнікі АБСЭ, і нашы мясцовыя назіральнікі. Яе словы нічога ня будуць азначаць, калі насамрэч будзе адбывацца нешта іншае».

Тое, што Карняенку ня выпусьцілі зь Беларусі за мяжу, паводле Калякіна, яшчэ раз пацьвярджае, што беларускія ўлады наагул не прызнаюць міжнароднае права:

«На паперы гэта так, а насамрэч — не. Таму тут дзівіцца няма чаму, мы да гэтага прывыклі. Гэта вельмі дрэнна для тых жа ўладаў, бо яны не выконваюць свае абавязкі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG